«як гэта было ў выпадку з Іванам Грозным ці Пятром І», сказаў Патрыярх на сустрэчы ў Віцебску.

Патрыярх Маскоўскі Кірыла лічыць, што, калі б у Беларусі праходзіў конкурс па выбары найбольш выдатнага дзеяча ў нацыянальнай гісторыі, аналагічны таму, які прайшоў у Расіі, то «Імем Беларусі» магла б стаць святая прападобная Ефрасіння Полацкая.

Такое меркаванне кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы выказаў 28 верасня ў Віцебску падчас сустрэчы з моладдзю, адказваючы на пытанне навучэнца Віцебскага духоўнага вучылішча.

Патрыярх адзначыў, што такія асобы, як Аляксандр Неўскі і Яраслаў Мудры, названыя падчас галасавання ў праекце «Імя Расіі», без сумнення, вельмі значныя, але разам з тым «у Беларусі ёсць свае слаўныя героі».

«Я вельмі па‑асабліваму ўспрыняў асобу Ефрасінні Полацкай. Калі я наведаў Полацк,

перад маім разумовым поглядам паўстала анёлападобная істота, прыгожая, маладая жанчына, якая мела такую вялікую любоў у сэрцы, такую найвышэйшую культуру, такую гарачую веру!

Бо прайшло 800 гадоў, нават больш, а да яе мошчаў заўсёды сцякаюцца людзі. Я не магу сабе ўявіць, каб хтосьці вось так прыходзіў да астанкаў старажытнага героя, калі б гэты герой не быў святы», — сказаў патрыярх Кірыл.

Паводле яго меркавання, «героем краіны не можа быць прагматычны палітык і суровы дзеяч, тыран, як гэта было ў выпадку з Іванам Грозным ці Пятром І».

«Спалучэнне мудрасці служэння, накіраванага на дабро Айчыны, з высокім узроўнем духоўнага жыцця, са святасцю — гэта тое, што робіць вобраз людзей бессмяротным, пераўтварае чалавека ў легенду», — патлумачыў маладым слухачам прадстаяцель Расейскай праваслаўнай царквы.

Таццяна Чабатарова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0