Міхаіл Гарбачоў і саліст "Скорпіёнс" Клаус Майнэ (2009 г.)

Made in Germany: 20 гадоў таму, 9 лістапада 1989 г., абрынуўся Берлінскі мур.

Гэта добрая нагода адсвяткаваць разам з немцамі, паўспамінаўшы, які ўнёсак яны зрабілі ў сучасную поп‑музыку.
Прыгадаем, можа, паспяваем: «Боні М», «Скорпіёнс», «Альфавіль», «Рамштайн»…

Вецер перамен

Калі ўжо што казаць пра Берлінскі мур і нямецкую музыку, дык найперш варта згадаць пра ўлюбёнцаў рамантычна настроеных школьніц, выканаўцаў прачулых баладаў, гурт «Скорпіёнс»,

або па‑простаму, «Скарпоў», як іх тут любоўна называлі.

Іх песня «Вецер пераменаў» была менавіта тым, чаго чакалі ад року: яскравая перадача духу часу і рытму пакалення, на вачах якога крышыўся СССР.

За год да падзення муру, у 1988‑м, «Скорпіёнс» зладзілі канцэрт у пячонках тагачаснай імперыі зла — Ленінградзе (вядома, з дазволу імперска‑злоснага кіраўніцтва). А ў 1989‑м у Маскве гановерцаў нават прыняў генсек Міхаіл Гарбачоў.

І што з таго, што саліст «Скорпіёнс» Клаус Майнэ напісаў Wind of Change, дзе распавядаецца пра паездку ў Маскву, на год раней за саму паездку. Хацелася бадзяцца ночы навылёт па вуліцах, марыць і ўдыхаць гэтую такую пераменлівую плынь паветра. Гэта быў гімн эпохі, які спалучаўся з мастацкім свістам Клауса Майнэ.

І няхай цяпер «скарпіёны» нічога новага не пішуць. Дзядзькі па‑майстэрску стрыгуць купоны, ездзячы па канцэртах і выконваючы старыя добрыя баевікі і кажуць «Спасибо». Але мы ўсё роўна ўдзячныя ім за тое «чароўнае імгненне ў тую дзівосную ноч, калі дзеці заўтра нарэшце змаглі марыць пра вецер перамен».


Боні М

Бо не ем

Несамавіты з выгляду танцор гурту Boney M, Бобі Фарэл, спрычыніўся да папулярнага беларускага анекдота канца 1970‑х:

— Ты чаго такі худы?

— Бо не ем.

Але кпіны — толькі ад замілавання дыскатэчна‑бесшабашным ансамблем. Рэдкае вяселле тады абыходзілася без просьбаў ад сяброў маладога да рэстаранных музыкаў «злабаць «Распуціна».

Сапраўды, канец 1970‑х — зорны час гэтых дэміургаў папсы. У боніэмцаў на ўзбраенні было крыху дыска‑музыкі, трохі госпелу, і шмат знешняга выгляду: чаго варты вечна аголены торс Бобі і дзікія неўтаймаваныя скокі падпявалаў?

За 5 гадоў — 7 хітоў, што трапілі на самы верх поп‑градацыі. Сярод іх, ну, зусім ужо мега‑дупер‑пупер‑шлягеры «На рэках Вавілонскіх» ды «Распуцін».


Давеку маладыя. "Альфавіль"

Заўжды маладыя

«Альфавіль»: яны выглядалі добра, яны спявалі добра, на паліцах дыскарняў яны пачуваліся добра: паміж Майклам Джэксанам і Бой Джорджам.

Асабліва альбом Forever Young — вечна малады альбом‑васьмідзясятнік: лёгкадумны, якасны, запамінальны, поўны пошуму сінтэзатараў і футурыстычных водараў.

Цяпер, слухаючы альфавільскія песні, кшталту A Victory of Love, разумееш, наколькі яны ўвадначас вечныя, ідыёцкія і выдатныя. Як правільна слухаць «Альфавіль»: замкнуўшыся ў кватэры нядзельным вечарам, уключыўшы радыёперадачу, прысвечаную 1980‑м, паклаўшы поруч на ўсякую бяду насатку.


Нена

Падымі мяне па‑над сцяною

Амерыканцы, не вельмі талерантныя да песняў не па‑амерыканску, усё ж пачалі ў 1984‑м слухаць нямецкамоўны хіт Luftballons99 (99 балонікаў) спявачкі Нены, які трапіў на другое месца ў штатаўскіх хіт‑парадах. Усё дзякуючы папулярнай тэматыцы халоднай вайны.

Песня апавядала пра трэцюю сусветную, якая ўсчалася праз паветраныя шарыкі, якія заляцелі не туды.
Песня была прыдуманая на канцэрце «Ролінг Стоўнз» у Заходнім Берліне, калі ў паветра выпусцілі сотні балонікаў: аўтар толькі дамысліў, што здарыцца, калі тыя балонікі пералятуць за Мур.

Еўра бачыў?

Як, вы не ведалі? Нямеччына перамагла ў Еўрабачанні толькі адзін разок. Так-так, дзяржава, адзін з фундатараў гэтага першынства галасавых звязак,якая бярэ ўдзел у конкурсе ад першага года свайго існавання, і не прапусціла ніводнага года! Вядома ж: за Дзіму Білана і Марыя Шэрыфовіч галасуюць сябры па постсавецкім і постюгаслаўскім няшчасці, за шведскую АББА — гарой усе іншыя скандынавы... А хто акрамя Турэччыны, якая мае вялікую дыяспару ў ФРГ, парупіцца пра нямецкую Папялушку? Таму пагатоў сапраўды велічна выглядае перамога ў 1982 17-гадовай прыгажуні Ніколь з гітарай і меладычнай напеўкай Ein bißchen Frieden/«Крышку міру» адна з самых справедлівых перамог у гісторыі фесту. А выступ «Чынгіс Хана» хоць і не выйграў конкурс у 1979 годзе, але задаў тон усяму спаборніцтву, зрабіўся эталонам песні для Еўрабачання: магутны ўсім зразумелы рэфрэн і неўрымслівыя падтанцоўкі а-ля землякоў з Боні М, + выкарыстанне ў тэкстах папулярных палітычных тэм (процістаянне Захаду і Ўсходу).


Немцы на Месяцы. «Рамштайн»

Гер Рамштайн і кампанія

«Скорпіёнс» першым уварваўся ў колісь цалкам англа‑амерыканскі свет металічнай музыкі. Потым гэты мур парушылі хэві‑металісты «Акцэпт» і іх пранізлівагалосы саліст Уда Даркшнайдэр, пасля — трэш‑акультысты «Крыэтар» і, вядома, выкшталцоны «Рамштайн», які працягвае выкарыстоўваць у асабістых мэтах стэрэатыпы пра немцаў і Нямеччыну. Знайшліся шанавальнікі «Рамштайна» і сярод беларускіх музыкаў:

паслухайце як «Нейрадзюбель» спявае I Feel You на трыб’юце Personal Depeshe — ну, усё роўна як «Рамштайн» выконвае песню «Дэпэш Моду».

Увогуле ж, у Нямеччыне больш за 30 метал‑канцэртаў штогод, сярод якіх ужо 20 гадоў зоркай непагаснай зіхціць вялізны фестываль «Вакен», які збірае дзясяткі тысячаў слухачоў. Ды што фестываль: варта завітаць на звычайную бензакалонку паміж Бонам і Берлінам і ўбачыць з дзясятак часопісаў, прысвечаных цяжкаму року, каб зразумець, наколькі жалеззе глыбока пусціла карані ў нямецкай глебе.

Вецер перамен ад «Скорпіёнса»:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?