Медыкі настойваюць на працягу канікул у сталічных школах да 15 лістапада. Пра гэта паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

Пасля восеньскіх канікул школьнікі павінны былі пачаць заняткі 2 лістапада. Аднак 31 кастрычніка ў сувязі з ростам захворвання на ВРВІ і грып у Мінску было прынята рашэнне прадоўжыць канікулы да 6 лістапада, а затым — да 11 лістапада ўключна.

Як заявіла Фісенка, у Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі падрыхтавалі абгрунтаванне неабходнасці працягу канікул чарговы раз. Паводле разлікаў спецыялістаў, прадаўжэнне канікул да 11 лістапада дазволіла прадухіліць больш як 15 тыс. выпадкаў захворвання на ВРВІ і грып сярод школьнікаў.

Калі сярод дарослых узровень захворвання за апошнія два тыдні вырас у 2,5 разу, то сярод дзяцей — застаўся на тым жа ўзроўні.

«Улічваючы, што мы знаходзімся практычна на піку захворвання на ВРВІ і грып, дзецям цяпер за лепшае заставацца дома», — лічыць Фісенка.

Загадчыца аддзела заявіла, што за апошні тыдзень сітуацыя з захворваннем на грып і ВРВІ ў Мінску некалькі стабілізавалася. «Калі такая тэндэнцыя захаваецца, то можна разлічваць, што на гэтым тыдні захворванне пачне змяншацца», — прагназуе спецыяліст. Калі ж школьнікі застануцца дома, верагоднасць таго, што пачнецца зніжэнне захворвання, больш высокая.

Усяго, паводле звестак Фісенкі,

за апошні тыдзень на ВРВІ і грып захварэла прыкладна 65 тыс. жыхароў сталіцы.

9 лістапада было пастаўлена 12 тыс. 175 такіх дыягназаў, прычым у 34% хворых пацверджаны грып. Сярод захварэлых на грып за апошні тыдзень 68% складаюць дарослыя.

«Мы можам меркаваць, што большасць выпадкаў грыпу — гэта менавіта выпадкі гэтак званага свінога грыпу, новага віруса A (H1N1).
Статыстыка пацверджаных выпадкаў — іншая, але гэта не характарызуе сітуацыю», — сказала яна.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай, сацыяльнай і выхаваўчай працы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая,

пакуль рашэнне аб працягу канікул для мінскіх школьнікаў трэці раз не прынята, аднак гэтае пытанне абмяркоўваецца.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0