Міністр аховы здароўя Жарко

Міністр аховы здароўя Жарко

Калі параўнаць колькасць смерцяў ад грыпу А (H1N1) у Беларусі з колькасцю выяўленых хворых, працэнт смяротнасці ў нас надзвычай высокі. Сусветны паказчык складае 0,4%, а ў Беларусі выходзіць 5,4%. Піша Вольга Жарнасек.

Ад пачатку масавага захворвання на грып і ВРВІ жыхары краіны абураліся адсутнасцю афіцыйнай інфармацыі. Нараджаліся чуткі, складаліся неверагодныя прагнозы. Чыноўнікі вагаліся між традыцыяй замоўчвання выпадкаў захворвання на свіны грып і абавязкам агучваць падобныя факты.

Абавязак (а можа і крытыка незалежных СМІ) прымусіў назваць лічбы.

Літаральна за тыдзень Беларусь ператварылася з вострава, які не захлынула сусветная эпідэмія грыпу А (H1N1), у краіну, дзе зарэгістравана больш за 100 такіх выпадкаў.

4 лістапада намеснік міністра аховы здароўя - галоўны санітарны лекар краіны Валянціна Качан у тэлеэфіры заявіла, што ў сямі з дзевятнаццаці памерлых за апошнія два тыдні ад пнеўманіі выяўлены вірус свінога грыпу. Таксама яна агучыла і агульную лічбу хворых на гэты грып — 85 выпадкаў (39 — на 30 кастрычніка, 50 — на 1 лістапада).

Найвышэйшае «дабро» на афіцыйнае прызнанне існавання свінога грыпа ў краіне прагучала падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Віктарам Юшчанкам.

«Па‑свінячы пішчыць увесь свет. Беларусь і Украіна — не выключэнне. Трэба супакоіцца і жыць. Гэта звычайная правакацыя фармацэўтычных кампаніі і іх жаданне зарабіць на чалавечай бядзе,» — заявіў Лукашэнка. Пасля гэтага пачалося рэгулярнае інфармаванне насельніцтва пра лічбу хворых (як на сівны грып, так і на звычайны) і прафілактыку.

5 лістапада ў парламенце выступіў міністр аховы здароўя Васіль Жарко. Ён сказаў, што абвяшчаць эпідэмію грыпа А (H1N1) у краіне няма падставы. Што прынятыя меры, каб не дапусціць распаўсюду грыпа і ВРВІ.

6 лістапада пастановай намесніка галоўнага санітарнага доктара Мінска былі ўведзены супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы (без аб’яўлення эпідэміі). Гэтая пастанова забараніла масавыя мерапрыемствы і абавязала рабіць праветрыванне ды вільготную ўборку памяшканняў, а ў выпадку цяжкіх формаў грыпу і ВРВІ дастаўляць аналізы пацыентаў у Рэспубліканскі навукова‑практычны цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Быў апублікаваны і зварот міністра Жарко да кіраўнікоў арганізацый, якія гандлююць лекамі. Адзначалася, што ў Міністэрства аховы здароўя паступаюць скаргі пра некваліфікаванае кансультаванне работнікамі аптэк. Міністр нагадаў, што фармацэўты таксама нясуць адказнасць за вынік лячэння як і іншыя работнікі аховы здароўя.

На выходных, паводле слоў Валянціны Качан лік зваротаў у паліклінікі знізіўся на 4—25% (у залежнасці ад населеных пунктаў). У эфіры тэлебачання яна агучыла, што лабараторна пацверджаныя 102 выпадкі захворвання на грып А (H1N1). Пракаментавала і паніку ў сталіцы. «У Мінску складваецца асаблівая сітуацыя, але яна кантраляваная, і сёння нават ў гэтым горадзе мы назіраем зніжэнне колькасці зваротаў грамадзян з нагоды гэтых захворванняў», —заявіла Качан.

Прэс‑служба Гомельскага аблвыканкаму паведаміла агенцтву БелаПАН, што на дадзены момант ад пнеўманіі там памерла 8 чалавек, наогул жа гэтая хвароба дыягнаставана ў 827 чалавек. Паводле іх інфармацыі, у Беларусі працягваецца ўздым захворвання на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у той час як санітарна‑эпідэміялагічная служба адзначае памяншэнне колькасці захворванняў.

Словы эпідэміялагічнай службы і Міністэрства аховы здароўя шмат у каго выклікаюць недавер.

Падмацоўваюць яго неафіцыйныя звесткі пра шматлікія летальныя сыходы ад загадкавай пнеўманіі. Асобныя факты агучваюцца ў блогах дактарамі. Маўляў, замест пнеўманіі іх прымушаюць упісваць у пасведчанні аб смерці іншыя прычыны.

Да таго ж, калі параўнаць колькасць смерцяў ад грыпу А (H1N1) у Беларусі (7 памерлых сярод 128 хворых на 10 лістапада) з сусветнай, працэнт смяротнасці ў нас досыць высокі.

Сусветны паказчык складае 0,4%, а ў Беларусі выходзіць 5,4%.
Улічваючы сусветную статыстыку, хворых на грып у Беларусі павінна быць у некалькі разоў болей. Нестыкоўка, якую нельга патлумачыць нічым іншым, як хаваннем сапраўднай сітуацыі.

Сёлетняя эпідэмія даказала, што хаваць як асобныя, так і масавыя выпадкі стала немагчыма — інтэрнэт зводзіць такія спробы на нуль. Прэса дамаглася хаця б таго, што ўлады прызналі: свіны грып у Беларусі існуе і людзі ад яго паміраюць. А вось рэальныя маштабы хваробы застаюцца пакуль таямніцай.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0