Мінскія ўлады прынялі рашэнне не працягваць канікулаў у школах. Заняткі пачнуцца 12 лістапада,
паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай, сацыяльнай і выхаваўчай працы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая.
Нагадаем, школьныя канікулы ў Беларусі пачаліся 26 кастрычніка, дзеці павінны былі пайсці ў школу 2 лістапада.
Аднак 31 кастрычніка канікулы былі працягнутыя па 6 лістапада
ў сувязі з тым, што ў Мінску адзначаўся ўздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, які, як паведамляла гарадская санслужба, «з 2 лістапада прыняў выразны характар».
Затым канікулы былі працягнутыя з 6 лістапада па 11 лістапада ўключна.
***
Яшчэ сёння раніцай сталічныя медыкі рэкамендавалі гарвыканкаму працягнуць канікулы.
У гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі падрыхтавалі абгрунтаванне аб неабходнасці працягнуць школьныя канікулы ў чарговы раз. Па разліках спецыялістаў, працяг канікулаў па 11 лістапада дазволіў папярэдзіць больш за 15 тыс. дадатковых выпадкаў захворвання на ВРВІ і грып сярод школьнікаў. Калі сярод дарослых узровень захворвання за апошнія два тыдні вырас у 2,5 разу, то сярод дзяцей — застаўся на тым жа ўзроўні.