Сяргея Рабушку, Аляксандра Напрэенку, Максіма Зуева і Вадзіма Багакова абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці), ч. 3 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці, якое прывяло да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры) і ч. 1 арт. 366 КК (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы). Суддзя Дзіна Кучук прысудзіла Зуеву і Багакову па 10 гадоў калоніі завочна, Напрэенку і Рабушку — па восем гадоў. Менавіта такія тэрміны прапаноўваў пракурор Аляксандр Кароль, піша «Вясна».

Згодна з версіяй абвінавачвання, «удзельнікі нефармальнай палітызаванай мігранцкай групоўкі выхадцаў з Беларусі «Надзея», якая сфармавалася пад уплывам інтэрнэт-рэсурсаў, дзейнічаючы з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, 19 снежня 2021 года з 18:00 да 20:00 закідалі курынымі яйкамі фасад будынка амбасады ў Лондане і размясцілі ля ўваходу ў будынак «інсталяцыю абразлівага зместу». Дачакаўшыся, калі да месца злачынства прыбудуць трое супрацоўнікаў амбасады, фігуранты абразілі іх і ўжылі фізічны гвалт. Пацярпелым прычыненыя цялесныя пашкоджанні і пабоі». 

Як адзначаецца ў абвінавачванні, «фігуранты здзяйснялі злачынствы, выпрабоўваючы злачынную ўсёдазволенасць, якая сфармавалася пад уплывам на іх інтэрнэт-рэсурсаў, тэлеграм-каналаў, чатаў і іншых інфармацыйных крыніц экстрэмісцкай накіраванасці». Напрэенка здымаў усё, што адбывалася, на тэлефон.

Шкоду фасаду будынка амбасады ацанілі на 142 тысячы рублёў.

Інцыдэнт з нападам на амбасаду разглядаўся брытанскай паліцыяй, якая, як сцвярджае Генпракуратура, адмовілася выдаць фігурантаў справы беларускаму боку. Абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Беларусі, іх судзілі завочна. Іх маёмасць, якая засталася на тэрыторыі краіны, арыштаваная.

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2