Вера Палякова-Макей. Скрын відэа

 Вера Палякова-Макей. Скрын відэа

У інтэрв'ю БелТА з нагоды міні-юбілею і сыгранай у гонар яго прэм'еры ў Тэатры юнага гледача Вера Палякова-Макей сказала, што зрабіла б усё магчымае, каб «змяніць тое, што адбылося». Нагадаем, што Палякова сама і ўзначальвае ТЮГ.

Гаворка перайшла на творчыя планы, і ўдава Уладзіміра Макея расказала:

«Насамрэч шмат рэжысёраў, з якімі я знаёмлюся на розных фестывалях, у апошні час часта кажуць мне: «Ты — Васа Жалязнова». І мы сапраўды абмяркоўваем, што было б крута паставіць «Васу Жалязнову». Таму што тое, як я зараз праходжу свой шлях і ў ролі дырэктаркі, і ў ролі кіраўніцы, і ў ролі досыць моцнай жанчыны…

Напэўна, надышоў той час і момант, калі я змагла б па-сапраўднаму сыграць гэтую ролю. Таму пакуль шукаем сродкі. Зарабляем грошы, — сказала Вера Палякова і засмяялася, — каб ажыццявіць новую пастаноўку… І я думаю, усё ўдасца».

Васа Жалязнова — гэта гераіня аднайменнай трагедыі Максіма Горкага, моцная жанчына, натура валявая, дзейная і ўладарная, галоўная ў сям'і і лідарка спадчыннага бізнэсу. Жалязнова замужам за мужчынам, на 18 гадоў старэйшым за яе. Нагадаем, што Уладзімір Макей быў на 20 гадоў старэйшы за Веру Палякову.

У п'есе Жалязнова штурхае мужа да самагубства пасля таго, як ускрываюцца кампраметуючыя яго абставіны, і робіць тое, каб уратаваць гонар сям'і.

Менавіта таму словы Паляковай-Макей гучаць двухсэнсоўна.

Сцэна са спектакля «Майстар і Маргарыта» ў ТЮГу. Вера Палякова ў ролі Маргарыты

Сцэна са спектакля «Майстар і Маргарыта» ў ТЮГу. Вера Палякова ў ролі Маргарыты

«Мне хочацца, каб былі здаровыя і шчаслівыя мае дзеці. Яны зараз — маё жыццё, я дзеля іх жыву, дзейнічаю. Каб былі шчаслівыя і здаровыя мае бацькі, каб я іх не засмучала, таму што апошнім часам я іх часта засмучаю…» — кажа Палякова ў тым самым інтэрв'ю.

А пра свой апошні спектакль «Майстар і Маргарыта» акцёрка і дырэктарка тэатра кажа, што «гэты спектакль — гэта мая споведзь, даніна майму мужу… Маргарыта — яна атрымалася вельмі моцная ў мяне жанчына. Жанчына, гатовая зрабіць усё, каб выратаваць душу свайго каханага».

Сцэна са спектакля «Майстар і Маргарыта» ў ТЮГу. Злева — Вера Палякова ў ролі Маргарыты. Фота АНТ

Сцэна са спектакля «Майстар і Маргарыта» ў ТЮГу. Злева — Вера Палякова ў ролі Маргарыты. Фота АНТ

На афішы спектакля — яна сама.

Смерць Уладзіміра Макея застаецца таямніцай. 

Чатыры крыніцы «Нашай Нівы» ў сферах дзяржаўнага кіравання і медыцыны назвалі прычынай смерці суіцыд. Апошнія гады жыцця міністра яго суправаджалі як палітычныя, так і асабістыя драмы. 

Чытайце таксама: Імаверная прычына смерці Уладзіміра Макея — суіцыд

Клас
5
Панылы сорам
25
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
8