Каця (29 гадоў), Мінск. «Успрымаю беларускую мову як замежную»

«Я не размаўляю на беларускай мове ў штодзённым жыцці. І калі раней гэта было як факт, то цяпер я дадаю «на жаль».

Усё ідзе з дзяцінства: у школе мне не падабалася беларуская мова, я не прыкладала асаблівых намаганняў, каб яе вучыць. Мая мама — беларусазнаўца. Яна, вядома, жахалася кожны раз, калі я казала, што мне гэта нецікава. Але яна не ціснула на мяне і не прымушала вучыць беларускую, таму так з часоў школы яна на ўзроўні трасянкі і засталася.

Шчыра кажучы, цяпер вельмі пра гэта шкадую, таму што каштоўнасць беларускай мовы да мяне дайшла толькі пасля таго, як я расплюшчыла вочы ў 2020 годзе. Аднак я ўсё роўна не перайшла на яе па шэрагу прычын.

Па-першае, звычка і асяроддзе. Сярод маіх блізкіх сяброў і прыяцеляў няма ніводнага чалавека, які б гаварыў па-беларуску. У мяне ёсць сяброўка, з якой мы абменьваемся галасавымі на беларускай, але з майго боку гэта сапраўды далёка не самая літаратурная гаворка. Мне даводзіцца прыкладаць намаганні, бо мой мозг успрымае беларускую як замежную мову. Як бы жахліва гэта ні гучала».

Святаслаў (19 гадоў), Варшава: «Перайшоў на беларускую, калі пазнаёміўся з украінамоўнымі ўкраінцамі»

«Амаль адразу пасля пераезду ў Варшаву я выпадкова пазнаёміўся з украінамоўнымі ўкраінцамі. Я звяртаўся да іх на рускай мове, яны, у сваю чаргу, адказвалі мне на ўкраінскай. З цягам часу я пачаў пераймаць у іх некаторыя словы, асабліва тыя, што супадалі з беларускім варыянтам. Гэта было зручна як для іх, так і для мяне: так наша камунікацыя адбывалася лепей.

Пасля месяцаў пяці-шасці я пачаў ужо добра валодаць беларускай мовай. Мая беларусізацыя адбылася праз тое, што вакол з’явілася іншае асяроддзе. Важна падкрэсліць, што дагэтуль я амаль ніколі на ёй не размаўляў. Вывучаў толькі ў школе, амаль не чытаў беларускай літаратуры.

У адзін момант я пачаў размаўляць выключна па-беларуску. Але потым пачаў працаваць з беларусамі, якія выкарыстоўваюць амаль заўсёды толькі рускую мову. Таму да іх мне трэба было звяртацца гэтак жа сама, каб мы лепей разумелі адно аднаго.

Цяпер я ўжываю рускую і беларускую мовы ў залежнасці ад сітуацыі і майго стану. Часам мозг стамляецца, і тады я пераходжу на рускую. Калі нешта трэба зрабіць альбо сказаць вельмі хутка, то, на жаль, я таксама выкарыстоўваю яе.

Але магу адзначыць, што з цягам часу размаўляць па-беларуску становіцца ўсё прасцей. Працэс пераходу да іншай мовы заўсёды складаны. Але калі ты пачынаеш і бачыш нейкі прагрэс, то гэта крута!»

Аксана (45 гадоў), Мінск: «На рускай мове гаварыць зручней, таму што яе выкарыстоўваюць усе вакол»

«Я размаўляю на рускай мове, бо мне так зручней. У маім асяроддзі няма людзей, якія б размаўлялі на беларускай, таму неабходнасць у ёй адпадае. Разумею, што мой лексікон нашмат меншы ў беларускай мове, чым у рускай. Вучыла беларускую даволі даўно ў школе і з таго часу забылася не толькі многія правілы, але і словы.

Можна было б пачаць чытаць беларускую літаратуру, каб неяк працаваць з гэтым, але гэта складана. Пасля працы звычайна мне не хочацца напружвацца, а для кніг трэба шмат дадатковых сіл і энергіі. Пакуль у мяне асабліва няма матывацыі займацца беларускай мовай: гаварыць на ёй няма з кім, на працы яна не патрэбная, у дзяржустановах яе таксама няма. Майго слоўніка хапае, каб разумець асобныя надпісы на таварах з беларускімі лагатыпамі.

Дый не асабліва бяспечна цяпер у Мінску з беларускай: лішняй увагі ад уладаў да сябе я не хачу. Вядома, беларуская мова — важная частка нашай культуры. Яе трэба захоўваць і ведаць. Аднак, мне здаецца, патрэбныя пэўныя ўмовы, каб яе было зручна выкарыстоўваць, інакш неабходнасць у ёй знікае. Як у маім выпадку».

Ліза (22 гады), Вільня: «Размаўляю на той мове, на якой да мяне звяртаюцца»

«З людзьмі, якія звяртаюцца да мяне па-беларуску, я размаўляю па-беларуску. Калі мой суразмоўца гаворыць на рускай, то з ім дыялог я таксама буду весці на рускай.

На працы я карыстаюся выключна беларускай, з сябрамі і знаёмымі ўсё залежыць ад сітуацыі. Мне цалкам зручна пераключацца.

Апошнім часам праз тое, што ўсё больш людзей цяпер пераходзіць на мову, я больш размаўляю на беларускай. Гэта ўплывае на маю рускую: нядаўна стала заўважаць, што я часам забываю нейкія словы і кажу ў выніку іх на беларускай мове.

Сама я перайшла на беларускую мову праз працу. У школе ведала яе даволі слаба: нам дрэнна выкладалі, асаблівага жадання вывучаць самой не было.

Ужо потым, калі я прыйшла ў сваю прафесію, то стала пісаць на беларускай мове кожны дзень. Такая практыка выдатна пракачвае слоўнік, і цяпер мне не складае ніякай цяжкасці пераключацца паміж рускай і беларускай».

Юрый (38 гадоў), Лодзь: «Выкарыстоўваю тую мову, на якой больш зручна размаўляць»

«На працы ў асноўным размаўляю на польскай і на англійскай мове. У хостэле, дзе жыву, — на беларускай, украінскай і рускай мове. Выкарыстоўваю звычайна тую мову, якой мне больш зручна карыстацца ў дадзены момант.

Вывучаў беларускую ў школе, як і большасць беларусаў. Гэтых ведаў хапае, каб нармальна цяпер валодаць ёю».

Чытайце таксама:

Кароткі гайд па беларускіх мясцінах Варшавы: шукаем знакавыя для беларусаў месцы ў сталіцы Польшчы

«Я нават дзверы пакідаю адчыненымі, каб ГУБАЗіК не зламаў». Мінчанка расказвае, як стамілася ад страху рэпрэсій і як кардынальна змяніла сваё жыццё

Клас
17
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
40
Абуральна
11