лукашэнка пуцін лукашенко путин

Чарговыя выбары Пуціна ў Расіі пройдуць 15-17 сакавіка. Фота: Contributor Getty Images

«Крэмль не дапусціў антываенных кандыдатаў, каб не паўтарыўся феномен Ціханоўскай»

Расійскі палітолаг Абас Галямаў кажа, што ў плане фармальных вынікаў ніякіх нечаканасцяў не будзе.

«Але з пункту гледжання рэальнага зместу можа ўзнікнуць пытанне. Ці будзе рэальнае адчуванне легітымнасці Пуціна адпавядаць афіцыйным звесткам?»

Галямаў лічыць, што пераважная большасць расіян, як унутры краіны, так і за яе межамі, палічаць, што ўвесь працэс выбараў быў сфальсіфікаваны.

«Усё занадта відавочна, паколькі яшчэ на пачатковым этапе да выбараў не быў дапушчаны ні адзін альтэрнатыўны кандыдат. Сярод дапушчаных няма нікога, хто б выступаў супраць вайны. Улада цалкам пазбавіла людзей выбару, бо пытанне вайны — галоўнае ў расійскім палітычным парадку дня»,

— адзначае эксперт.

Нядопуск да выбараў такіх кандыдатаў, як Дунцова і Надзеждзін, палітолаг тлумачыць тым, што ў Крамлі, гледзячы на Беларусь, зрабілі працу над памылкамі і не сталі дапускаць да выбару таго, хто мог бы стаць рускай Ціханоўскай.

Галямаў адзначае, што адразу быў упэўнены ў такім развіцці падзей.

пяскоў пуцін песков путин

Расійскім уладам важна было не дапусціць антываенных кандыдатаў на выбары, кажа палітолаг Галямаў. Фота: Sputnik, Kremlin Pool via AP

«Яны бачылі, як гэта бывае, на прыкладзе Ціханоўскай. У Крамлі разумеюць, што калі сярод кандыдатаў будзе чалавек, які займае канкрэтна антываенную пазіцыю, то незалежна ад яго асабістых якасцяў у Пуціна наогул не будзе шанцаў», — лічыць эксперт.

На яго думку, першапачаткова супраць вайны было каля траціны расіян, але цяпер да іх дадалася вялікая колькасць тых, хто расчараваўся і проста стаміўся ад вайны.

«Таму з самага пачатку было зразумела, што Крэмль не дапусціць ніводнага з антываенных кандыдатаў, каб не паўтарыўся феномен Ціханоўскай».

Кажучы пра змены, якія чакаюць Расію пасля выбараў, палітолаг вылучае рост незадаволенасці, узмацненне рэпрэсій і магчымую чарговую хвалю мабілізацыі. У плане рэпрэсій, лічыць Галямаў, Пуцін на фоне Лукашэнкі паводзіць сябе больш гнутка і разумна.

«Ён разумее тупіковасць гэтага шляху і да апошняга імкнецца ісці па ім у мінімальнай ступені, дзе можна абысціся без рэпрэсій, звяртаючыся да іх толькі там, дзе без іх нельга.

Лукашэнка ў адрозненні ад Пуціна адразу пайшоў па гэтым шляху. Але яму ў гэтых адносінах прасцей, паколькі нават ва ўмовах адсутнасці легітымнасці ў Лукашэнкі ёсць Пуцін, які будзе яму дапамагаць. А ў Пуціна такога Пуціна няма».

Датычна верагоднасці пратэстаў, Галямаў адзначае, што масавай незадаволенасці для іх пачатку недастаткова.

«Неабходна адчуванне паслаблення рэжыму, адчуванне, што пратэст не будзе бескарысным. У сітуацыі, калі ты не чакаеш ніякага іншага выніку акрамя рэпрэсій, пратэставаць не будзеш».

Затрыманні на антываеннай акцыі ў Расіі. Ілюстрацыйнае фота: АР

Затрыманні на антываеннай акцыі ў Расіі. Ілюстрацыйнае фота: АР

Разам з тым Галямаў разважае:

«Калі, напрыклад, акцыя «Апоўдні супраць Пуціна» сапраўды будзе масавай, то вынікам стане рэзкае паслабленне яго легітымнасці. Можна сказаць, што да гэтага часу яна «кульгала на адну нагу». Было адчуванне, што прэзідэнт робіць нешта не тое, але пры гэтым большасць разумела, што ён па праве займае сваю пасаду.

Пасля гэтых выбараў яго легітымнасць, імаверна, ужо будзе «кульгаць» на абедзве нагі. Хутчэй за ўсё не толькі ўзмоцніцца адчуванне таго, што нам не падабаецца яго курс, але і адбудзецца страта права гаварыць ад імя ўсёй краіны. Пасля цяперашніх выбараў можа пачаць фармавацца меркаванне, што ў яго няма права казаць ад імя 150 мільёнаў расіян, што ён не ўсенародна абраны прэзідэнт, а ўзурпатар», — лічыць эксперт.

На думку расійскага палітолага, падобнае развіццё сітуацыі можа значна аслабіць пазіцыі Пуціна. У тым ліку ў адносінах з элітамі.

«У такіх сітуацыях і адбываюцца нейкія змовы, ваенныя мецяжы, путчы. Таму хоць фармальна палітычная сітуацыя будзе заставацца такой жа, змястоўна яна будзе мяняцца», — мяркуе Абас Галямаў.

Што тычыцца Беларусі, то, на думку расійскага палітолага, ніякіх зменаў у дачыненні да нашай краіны пасля правядзення выбараў у РФ чакаць не варта.

«Для Лукашэнкі пераабранне Пуціна будзе карт-бланшам»

Палітычны аналітык інфармагенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі лічыць, што не варта чакаць сюрпрызаў ад прэзідэнцкіх выбараў у Расіі.

Планы расійскай апазіцыі правесці акцыю «Апоўдні супраць Пуціна» Класкоўскі называе слабай стратэгіяй.

«Механізмы фальсіфікацыі выбараў у Расіі гэтак жа добра адпрацаваныя, як і ў Беларусі, таму тут толькі можна весці гаворку пра пераабранне Пуціна, калі ён проста «праштампуе» сабе новы тэрмін».

Пераабранне Пуціна на чарговы тэрмін не зменіць нічога ні для Беларусі ў цэлым, ні для Лукашэнкі ў прыватнасці.

«Думаю, што для Лукашэнкі пераабранне Пуціна будзе мець станоўчыя наступствы, бо такім чынам ён атрымае ўскосны карт-бланш і на ўласнае пераабранне.

Бо калі б уявіць, што Пуцін прызначае сабе пераемніка, то і да Лукашэнкі маглі б узнікнуць пытанні з боку Крамля. А калі Пуцін ідзе на новы тэрмін, то і для Лукашэнкі абсяг адкрыты і ніякіх псіхалагічных бар’ераў няма».

Аналітык таксама адзначае, што цяпер Пуцін і Лукашэнка знаходзяцца ў добрых стасунках. А думкі замяніць Лукашэнку ў Крамля былі хіба што ў 2020 годзе, калі падчас масавых пратэстаў Маскве здавалася, што Беларусі не атрымаецца выйсці з палітычнага крызісу.

«Але коштам рэпрэсій Лукашэнка зацэментаваў сітуацыю. Акрамя таго, Пуцін распачаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны, дзе Лукашэнка выступіў хаўруснікам», — адзначае Класкоўскі.

пуцін лукашэнка путин лукашенко

«Калі б уявіць, што Пуцін прызначае сабе пераемніка, то і да Лукашэнкі маглі б узнікнуць пытанні з боку Крамля», — разважае Класкоўскі. Фота: Contributor Getty Images

На яго думку, Лукашэнка цяпер цалкам задавальняе Крэмль, ды і коней на пераправе не мяняюць.

Класкоўскі не думае, што пасля перавыбараў Пуцін захоча паглынуць Беларусь як суцяшальны прыз на фоне адсутнасці вялікіх поспехаў ва Украіне.

«Залежнасць Беларусі ад Расіі і без таго пакрысе расце, што напэўна задавальняе Крэмль. Таксама гэта можна добра выкарыстоўваць дзеля супрацьпастаўлення Украіне. Маўляў, глядзіце, калі вы сябруеце з Расіяй, то ў вас усё будзе добра».

Чытайце таксама:

Чым Пуцін давёў Макрона?

«Некаторыя баяцца запэцкаць свае белыя пальчаткі». Класкоўскі пакрытыкаваў падыход дэмсілаў

Вярхоўны суд Расіі канчаткова адхіліў скаргу Надзеждзіна аб нядопуску да прэзідэнцкіх выбараў

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
18

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?