Сёння асноўным домам для сям’і Лукашэнкаў з’яўляецца вялікая прэзідэнцкая рэзідэнцыя «Азёрны» на паўночнай ускраіне Астрашыцкага Гарадка ў Мінскім раёне. Яе з’яўленне многія звязваюць з нараджэннем малодшага сына Мікалая, які наведваў мясцовую школу. 

Тут, у Астрашыцкім Гарадку, Лукашэнка прымае замежных лідараў, а таксама праводзіць паказную ўборку ўраджаю. Поўная закрытасць аб'екта для старонніх наведвальнікаў стварае перашкоды, каб нарэшце ідэнтыфікаваць яго як маёнтак XIX стагоддзя, які быў пабудаваны графамі Тышкевічамі.

Вядомы даследчык беларускіх сядзіб Анатоль Федарук, напрыклад, у сваёй кнізе піша, што сядзіба не захавалася. Але гэта не так.

Адзінай вядомай выявай палаца Тышкевічаў з'яўляецца малюнак Напалеона Орды, выкананы ім недзе ў 1864-1876 гадах. Польскі даследчык Раман Афтаназы лічыў, што Ордам намаляваны задні, паркавы фасад палаца. Як выглядаў парадны фасад, дакладна невядома.

Нягледзячы на даволі медыйны статус рэзідэнцыі — а сюды Лукашэнка прывозіў як замежных лідараў, так і іншых знакамітасцей, — сам дом амаль ніколі не трапляе ў кадр.

Галоўныя будынкі рэзідэнцыі «Азёрны». Спадарожнікавы здымак Google Earth

Галоўныя будынкі рэзідэнцыі «Азёрны». Спадарожнікавы здымак Google Earth

Спадарожнікавыя фота здымаюць як бы зверху ўніз, але нярэдка спадарожнік заходзіцца пад пэўным вуглом да месца, якое здымае, што дазваляе пабачыць, няхай і ў не вельмі добрай якасці, фасады будынкаў. 

Гэтак жа і з рэзідэнцыяй у Астрашыцкім Гарадку. На апошніх спадарожнікавых здымках добра бачныя не толькі два буйныя будынкі, але і іхнія ўсходнія фасады, адкрытыя да пад'езду з боку мястэчка.

Орда, як мы памятаем, маляваў адваротныя фасады. Каб параўнаць сучасныя здымкі з гістарычнымі, дастаткова адлюстраваць у іншы бок малюнак беларускага мастака.

Адлюстраваны малюнак Напалеона Орды

Адлюстраваны малюнак Напалеона Орды

Галоўныя будынкі рэзідэнцыі «Азёрны», погляд з усходняга боку. Спадарожнікавы здымак Google Earth

Галоўныя будынкі рэзідэнцыі «Азёрны», погляд з усходняга боку. Спадарожнікавы здымак Google Earth

За мінулыя стагоддзі комплекс страціў многія архітэктурныя асаблівасці і быў разбудаваны, але без цяжкасцей пазнаюцца менавіта тыя будынкі, што маляваў Орда.

Цэнтральны двухпавярховы будынак — гэта без сумнення палац Тышкевічаў, ён мае тую ж форму ў плане, тры восі акон на цэнтральным рызаліце і па адным на бакавых. Зніклі гатычныя шчыты з пінаклямі (дэкаратыўнымі міні-вежамі), дадаўся паверх да калісьці аднапавярховых уставак паміж рызалітамі. Другі паверх з'явіўся і над лоджыяй, якая вяла да парку — мы не бачым той фасад, але цэнтральная частка з таго боку высунута наперад роўна на столькі, каб можна было пра гэта сцвярджаць.

Па правы бок захаваўся Т-падобны ў плане будынак, верагодна, флігель. Ён займеў яшчэ адзін паверх і вялікую кубічную прыбудову. Яго тарэц на малюнку Орды некалі меў адно акно, а дах па вуглах падтрымлівалі асобныя калоны. Відаць, тое ж было і з адваротнага боку. І сёння мы бачым ідэнтычны фасад на спадарожнікавых здымках.

Не пашчасціла толькі старому палацу, які згарэў і ў Орды паказаны велізарнай руінай. На яго месцы сёння вялікая паляна пасярод парку рэзідэнцыі.

Лукашэнка з сынам сустракае картэж прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа. Скрыншот з відэа БелТА

Лукашэнка з сынам сустракае картэж прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа. Скрыншот з відэа БелТА

Будынак рэзідэнцыі, які найчасцей трапляе ў кадр. Спадарожнікавы здымак Google Earth

Будынак рэзідэнцыі, які найчасцей трапляе ў кадр. Спадарожнікавы здымак Google Earth

Ёсць усяго некалькі відэа, дзе комплекс так ці інакш засвяціўся «з зямлі».

У 2015 годзе нам паказалі, як Лукашэнка з сынам Мікалаем на ганку рэзідэнцыі сустракаў прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа. Гэты ганак знаходзіцца пад вялікім шкляным навесам, пад які могуць заязджаць картэжы гасцей. Апазнаць яго па спадарожнікавых здымках лёгка — ён з'яўляецца працягам устаўкі паміж дзвюма часткамі аднаго будынка, новай і старой. На кадрах мы бачым толькі частку сцяны новай часткі. 

Найбольш адкрыта забудову рэзідэнцыі паказалі, калі Уладзімір Пуцін у якасці прэм'ер-міністра Расіі наведаў Беларусь 19 мая 2011 года. Лукашэнка сустрэў Пуціна пад тым жа самым навесам, а пасля павёў яго ўніз па схіле да старых ставоў. На жаль, якасць відэаздымкі нізкая, але пацвярджае здагадкі.

Палац амаль не відно за дрэвамі. Скрыншот відэа АТН

Палац амаль не відно за дрэвамі. Скрыншот відэа АТН

Усходні фасад флігеля. Бачныя слупы па вуглах, якія маляваў і Орда. Скрыншот відэа Першага канала

Усходні фасад флігеля. Бачныя слупы па вуглах, якія маляваў і Орда. Скрыншот відэа Першага канала

Можна заўважыць, што ў старога флігеля, які трапляе ў кадр, захаваліся нават вуглавыя слупы, якія калісьці падтрымлівалі дах. Гэта пацвярджае, што сённяшнія будынкі з'яўляюцца тымі ж, што бачыў калісьці Напалеон Орда (а не былі пабудаваныя на старых фундаментах).

А вось стары палац толькі мільгае дзесьці за дрэвамі.

Вялікая сучасная прыбудова (злева) і стары флігель (справа). Скрыншот відэа АТН

Вялікая сучасная прыбудова (злева) і стары флігель (справа). Скрыншот відэа АТН

Лукашэнка і Пуцін на фоне будынка рэзідэнцыі «Азёрны». Фота: інтэрнэт-партал урада Расіі

Калі палітыкі спускаюцца да вады, то за іх спінамі аказваецца вялікі будынак. Левая яго частка, грувасткі кубічны аб'ём з паўкруглай прыбудовай і аркадай па контуры, быў пабудаваны ў 2000-я гады, што пацвярджаюць і спадарожнікавыя здымкі, а вось правая частка — гэта той самы флігель. І хоць ён трапляе ў кадр тым жа фасадам, што і на малюнку Орды, заўважна, што з гэтага боку ён быў рэканструяваны мацней, чым з параднага.

Як жа Лукашэнка завалодаў былой рэзідэнцыяй Тышкевічаў і чаму пра яе ніхто не памятае?

Радавы маёнтак

Астрашыцкі Гарадок з канца XVIII стагоддзя быў уладаннем біржанскай лініі графаў Тышкевічаў, чые галоўныя маёнткі размяшчаліся ў Валожыне і ў Літве. Менавіта дзякуючы гэтай галіне роду ўзніклі знакамітыя прыбалтыйскія курорты ў Паланзе, Юрмале і інш.

Яшчэ ў XVII стагоддзі тут меўся драўляны замак, абкружаны штучным ровам і сажалкамі. За абарончымі сценамі стаяў аднапавярховы драўляны палац.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя замка ўжо не было. Тады інвентары апісвалі драўляную сядзібу з гаспадарчымі пабудовамі, за якой былі ставы з млынамі і рыбныя сажалкі.

Біржанскі ардынат Міхал Тышкевіч у атачэнні прадметаў сваіх калекцый. Па часе стварэння карціна, відавочна, створана ўжо ў Італіі, але самі прадметы збораў, верагодна, маглі быць вывезены з Астрашыцкага Гарадка. Арэстэ Картаца, 1884

Біржанскі ардынат Міхал Тышкевіч у атачэнні прадметаў сваіх калекцый. Па часе стварэння карціна, відавочна, створана ўжо ў Італіі, але самі прадметы збораў, верагодна, маглі быць вывезены з Астрашыцкага Гарадка. Арэстэ Картаца, 1884

Толькі каля 1855 года на разлеглым лясістым пагорку, каля вялікага возера з’явіўся дом з высокай вежай. Яго пабудаваў граф Міхал Тышкевіч (1828-1897), сын Юзафа Тышкевіча, які стварыў велічны палац у Валожыне. У адрозненне ад бацькаўскага палаца, выкананага ў звыклых формах класіцызму, палац у Астрашыцкім Гарадку быў пабудаваны ў навамодным рамантычным стылі англійскай готыкі. 

Міхал, дзякуючы сямейнаму багаццю, меў мноства захапленняў, якія вымагалі ўкладання немалых сродкаў. Галоўнымі з іх былі паляванне і калекцыянаванне. У 1856 годзе Міхал стаў адным з заснавальнікаў Віленскага археалагічнага таварыства, а на наступны год яго прынялі ў якасці ганаровага члена ў Імператарскае археалагічнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу. 

Старажытныя каштоўнасці ён здабываў асабіста ў раскопках у Егіпце або скупляў іх у мясцовых арабаў, якія рабавалі спадчыну фараонаў. Але большасць сваіх археалагічных знаходак граф перадаў у дар парыжскаму Луўру. Гэта ён зрабіў з чыста навуковых меркаванняў. Частка ж артэфактаў усё ж трапіла ў Віленскі музей старажытнасцяў і ў Лагойскі палац, дзе сваякі-навукоўцы браты Тышкевічы стварылі свой музей.

Палац у Астрашыцкім Гарадку таксама меў вялікі збор прадметаў мастацтва. Найбольш каштоўнай была калекцыя зброі, у асноўным XVI-XVII стагоддзяў, а таксама калекцыя карцін першакласных старых і пазнейшых майстроў. Сярод іх мусілі быць вялікае неідэнтыфікаванае палатно Ганса Гальбейна і дзве карціны рэлігійнага зместу, адна з якіх прыпісвалася Рафаэлю, а іншая — Франсуа Бушэ. Меліся творы мастакоў французскай школы — Бугро, Дыяса, Мюлера, фламандскай школы і іншых. У трох вялікіх альбомах захоўваліся акварэлі найбольш выдатных мастакоў 1850-1860-х гадоў. Мелася некалькі дзясяткаў срэбных кубкаў польскіх і нямецкіх майстроў, арыгінальны срэбны посуд, стары фаянс, фарфор, шкло, захоўваліся фамільныя дакументы. 

Для аздаблення новага палаца граф Міхал набыў у Кёнігсбергу набор мэблі, якая раней належала каралю Рэчы Паспалітай Аўгусту II. Тут жа ён сабраў сваю першую важную калекцыю польскіх манет. Праўда, гэты нумізматычны збор неўзабаве быў прададзены іншаму вядомаму калекцыянеру — Эмерыку Чапскаму. 

Вакол палаца быў разбіты пейзажны англійскі парк, абнесены шасцікіламетровай агароджай. 

Палацу ў Астрашыцкім Гарадку не пашчасціла — праз некалькі гадоў пасля пабудовы ён згарэў і больш не аднаўляўся. А ў 1862 годзе гаспадар выехаў на сталае жыццё ў Італію, куды вывез шмат каштоўнасцей. Большая частка калекцыі зброі была страчана падчас вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў. Астрашыцкі палац страціў значэнне культурнага цэнтра.

Астрашыцкі палац Тышкевічаў на малюнку Напалеона Орды

Астрашыцкі палац Тышкевічаў на малюнку Напалеона Орды

Побач быў пастаўлены новы палац меншых памераў. Менавіта ў ім сёння жыве сям'я Лукашэнкаў.

У такім выглядзе маёнтак Тышкевічаў замаляваў славуты Напалеон Орда. 

На малюнку злева ад палаца намаляваны высокі, хоць і аднапавярховы будынак, чый дах абапіраецца на вуглавыя калоны — флігель, які захаваўся да нашага часу.

Направа ад палаца бачныя руіны старога палаца з высокай вежай. Яны не перажылі наступнае стагоддзе, і сёння пра іх нагадвае толькі вялікая паляна пасярод парку.

Захавалася таксама карціна 1872 года віленскага мастака Альберта Жамета, які намаляваў адзін з інтэр’ераў палаца ў Астрашыцкім Гарадку. На ёй у велізарнай чырвонай зале, аформленай столямі і панэлямі ў англійскім стылі, за магутным сталом сядзіць жанчына з дзецьмі. Зала абстаўленая дарагой мэбляй, упрыгожаная даспехамі, зброяй і вялікай карцінай з белым канём. Сцяна ў дальнім канцы залы праз вялікі праём паказвае шкляны зімовы сад. 

Інтэр'еры залы Астрашыцкага палаца ў англійскім стылі. Альберт Жамет, 1872 год. Нацыянальны мастацкі музей Літвы

Інтэр'еры залы Астрашыцкага палаца ў англійскім стылі. Альберт Жамет, 1872 год. Нацыянальны мастацкі музей Літвы

Афтаназы лічыў, што гэтая карціна ўсяго толькі фантазія мастака. Але якіх-небудзь пераканаўчых пярэчанняў адлюстраваная зала з архітэктурай палаца не мае. Наадварот, на адным з двух здымкаў інтэр’ераў палаца, якія сёння вядомыя, паказаная вельмі падобная, хоць і меншая па памерах зала ў англійскім стылі з такой жа масіўнай мэбляй, даспехамі каля сцен і нават ідэнтычнымі люстрай і свяцільнямі на сценах.

Інтэр'еры Астрашыцкага палаца ў класічным і англійскім стылях. На другім фота бачныя тыя ж даспехі і свяцільні, што маляваў Альберт Жамет

Інтэр'еры Астрашыцкага палаца ў класічным і англійскім стылях. На другім фота бачныя тыя ж даспехі і свяцільні, што маляваў Альберт Жамет

Усе вельмі нешматлікія згадкі пра Гарадок, нават калі яны былі напісаны найбліжэйшай сям'ёй гаспадароў, недакладныя і даволі хаатычныя.

Пасля смерці Міхала Тышкевіча ў 1897 годзе ў палацы пасялілася ягоная ўдава Марыя, якая памерла ў 1902 годзе. Спадчыннікам маёнтка ў Гарадку плошчай каля 8500 дзесяцін мусіў стаць іхні старэйшы сын Міхал Юзаф Тышкевіч, але ён аддаў яго сваёй нявестцы Клемянціне Патоцкай. Апошнім уладальнікам Гарадка быў яе сын Альфрэд Тышкевіч, які пасля рэвалюцыі стаў дыпламатам у Літве.

Пасля рэвалюцыі

Тэрыторыя рэзідэнцыі «Азёрны» на спадарожнікавым здымку і «былы панскі двор» на міжваеннай карце

Тэрыторыя рэзідэнцыі «Азёрны» на спадарожнікавым здымку і «былы панскі двор» на міжваеннай карце

Падзеі Першай сусветнай вайны перашкодзілі Тышкевічам вывезці сваю маёмасць з Астрашыцкага Гарадка. У час польскага наступу ў 1920 годзе калекцыя зброі і карцін у палацы заставалася некранутай. Далейшы лёс калекцый невядомы.

Лёс самой сядзібы таксама прасачыць даволі цяжка. На даваенных картах былы маёнтак пазначаны як санаторый. 

Сапраўды, у 1925 годзе ў Астрашыцкім Гарадку быў адкрыты санаторый для аслабленых дзяцей на 80 ложкаў, у якім лячыліся і адпачывалі дзеці пераважна з Мінска і суседніх раёнаў. Моладзь выкарыстоўвала пад клуб маёнтак графа Тышкевіча.

Былы маёнтак на даваеннай 250-метровай карце РСЧА падпісаны як санаторый, але ў самім мястэчку існуе нейкая дзіцячая калонія. Гэта ўносіць пэўную блытаніну ў гісторыю палаца Тышкевічаў

Былы маёнтак на даваеннай 250-метровай карце РСЧА падпісаны як санаторый, але ў самім мястэчку існуе нейкая дзіцячая калонія. Гэта ўносіць пэўную блытаніну ў гісторыю палаца Тышкевічаў

На тых жа даваенных картах яшчэ адно месца пазначана як дзіцячая калонія, то-бок дзіцячы дом. Незразумелыя ўзаемадачыненні гэтых дзвюх устаноў у Астрашыцкім Гарадку прыводзяць да блытаніны, якая не дае дакладна прасачыць далейшую гісторыю палаца. 

Вядома, што дзіцячаму дому ў Астрашыцкім Гарадку аказваў дапамогу штаб войскаў Мінскага раёна. Праўда, «сваіх» дзяцей вайскоўцы вылучылі ў асобную групу, што выклікала трэнні як паміж дзецьмі, так і сярод персанала.

Пад акупацыяй

З пачаткам нямецка-савецкай вайны бацькі паспелі забраць частку дзяцей з санаторыя, некаторыя самі разышліся па дамах, але частка дзяцей, у асноўным тыя, што прыбылі з дзіцячых дамоў, засталася. Немцы расстралялі дырэктара санаторыя яўрэя Пікуса. На помнік Леніна на тэрыторыі санаторыя немцы надзелі вядро, а пад паху правадыру сусветнага пралетарыяту ўваткнулі мяцёлку.

У ліпені 1941 года акупацыйныя ўлады перавезлі сюды шмат беспрытульных дзяцей, стварыўшы на базе дзіцячага санаторыя дзіцячы дом. У верасні 1942 года ў прытулку было 158 дзяцей. Пасля пераводу сюды дзіцячага дома з Драздоў, у студзені 1943-га налічвалася 152 дзіцяці ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў і 26 чалавек персаналу.

Дзіцячы прытулак у Астрашыцкім Гарадку ў часе нямецкай акупацыі. Месца дагэтуль неідэнтыфікаванае. Фота: Wikimedia Commons

Дзіцячы прытулак у Астрашыцкім Гарадку ў часе нямецкай акупацыі. Месца дагэтуль неідэнтыфікаванае. Фота: Wikimedia Commons

У дзіцячы дом завітаў бургамістр Мінскага раёна І. Гінтаўт, які знайшоў у дзяцей кнігі савецкага выдання і фатаграфію Сталіна. Дырэктар з доктарам былі абвінавачаныя ў збыце «медыкаментаў «на сторону»… і ў выніку злосна-безадказнага стаўлення да сваіх абавязкаў вышэйадзначаных асоб усе дзеці аказаліся хворымі». Новы дырэктар Генералаў, які прыбыў з дзіцячага прытулку ў Сёмкавым Гарадку, спаленага партызанамі, як прыгадвалі сведкі, збіваў дзяцей пугай да страты прытомнасці. 

Старэйшых дзяцей з прытулку вывозілі ў Германію. У час аблаў немцы і паліцаі атачалі ўсю тэрыторыю, пасля чаго пачынаўся адбор дзяцей. Дзіцячы дом служыў сталай крыніцай забору крыві для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў.

Карысталіся дзецьмі і савецкія партызаны. Яны прыцягвалі іх для таго, каб лепш разведаць абстаноўку ў Мінску, размяшчэнне вайсковых часцей і карных органаў, рух цягнікоў.

У маі 1943 года Лагойская партызанская брыгада «Бальшавік» разграміла нейкі «нямецкі санаторый» у Астрашыцкім Гарадку. У адну з начэй партызаны спалілі корпусы санаторыя, дзе быццам бы размясціліся немцы. Верагодна, што ў ліку спаленых карпусоў быў і былы палац Тышкевічаў. 

Немцы ў Астрашыцкім Гарадку. Фота: Wikimedia Commons

Немцы ў Астрашыцкім Гарадку. Фота: Wikimedia Commons

Як сцвярджаецца, у Астрашыцкім Гарадку таксама пачалі будаваць дачу для гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ.

Па заданні партызан брыгады «Дзядзькі Колі» дзеці з прытулка ўвосень 1943 года падпалілі недабудаваны будынак.

У 1944 годзе дзіцячы дом быў вывезены некуды пад Баранавічы, а потым у Германію. 

Праз два месяцы пасля вызвалення, у 1944 годзе, дзіцячы санаторый для лячэння туберкулёзу аднавіў сваю дзейнасць. Яго будавалі «горкім спосабам»: сіламі саміх вучняў, пэтэвушнікаў, санітарак. Адзін корпус узводзілі восем гадоў, другі — сем, а сталоўку — пяць з паловай. Будаўніцтва гэтае, відаць, вялося па-за тэрыторыяй былой сядзібы, а пра саму сядзібу амаль няма звестак.

Толькі ў юнацкім дзённіку за 1948 год згадваецца наступнае:

«Дарога прыводзіць нас да вялікага санаторыя. Ужо здалёк мы скрозь дрэвы бачым руіны велічных будынкаў. Яны згарэлі падчас вайны. Калісьці ўсе яны належалі графіні Тышкевіч».

З гэтых словаў можна зразумець, што сядзіба ўсё яшчэ была часткай санаторыя.

Новыя гаспадары

У сеціве часта згадваецца, што тут знаходзіліся дача маршала Сямёна Цімашэнкі, кіраўніка Беларускай вайсковай акругі ў 1949-1960 гадах. Згадваецца нават падземны бункер, які мог вытрымаць ядзерны ўдар. Але ніякага пацвярджэння гэтыя звесткі не знаходзяць.

Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі, якая будавалася з 1970-х да 1990-х гадоў на месцы, дзе да вайны была дзіцячая калонія. Скрыншот з відэа 

Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі, якая будавалася з 1970-х да 1990-х гадоў на месцы, дзе да вайны была дзіцячая калонія. Скрыншот з відэа 

У 1970-я гады дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок» пачалі рэканструяваць. Але распрацоўка праекта зацягнулася на чатырнаццаць гадоў. У пачатку 1990-х гадоў будоўля ішла марудна. Новы корпус у характэрным для позняга СССР стылі з вежачкамі і вялікім пакатым дахам быў пабудаваны на тым месцы, дзе да вайны была пазначаная дзіцячая калонія. Сёння тут Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі. 

Верагодна, з завяршэннем будаўніцтвам новага корпуса санаторыя звязана вызваленне былога палаца Тышкевічаў. Тады яго і прыбрала да рук Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. 

Флігель на спадарожнікавых здымках 2004 і 2008 гадоў. Фота: Google Earth

Флігель на спадарожнікавых здымках 2004 і 2008 гадоў. Фота: Google Earth

У 2005—2006 гадах інстытутам «Мінскграмадзянпраект» (архітэктары Даніленка, Кратовіч, Шэлег, Шашкова) распрацаваны праект стварэння на месцы маёнтка Тышкевічаў рэзідэнцыі «Азёрны», які быў рэалізаваны ў 2006-2008 гадах.

Сёння былы маёнтак графаў Тышкевічаў, у якім жыве сям'я Аляксандра Лукашэнкі, не мае ніякага ахоўнага статусу і ніяк навукова не даследаваны, бо застаецца адным з найбольш закрытых месцаў у Беларусі. Мы нават дакладна не ведаем, як сёння выглядае колішні палац і што там збераглося з мінулых стагоддзяў.

Чытайце таксама:

Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў «сталінскі ампір»

Хто і як знішчае гістарычны Брэст — расследаванне

Дзе пахаваюць Лукашэнку 

Клас
31
Панылы сорам
14
Ха-ха
13
Ого
17
Сумна
24
Абуральна
105

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?