Беларусы шчыра вераць, што ім абавязаныя даць. Нафту, газ, крэдыт. Піша Сяргей Харэўскі.

Маю суседку-пенсіянерку скандал вакол цэнаў на нафту не хвалюе. «Падпішуць, дзе дзенуцца?»- кажа яна. У гэтых простых словах сфармуляваны прынцып беларускай веры. Беларусы шчыра вераць, што ім абавязаныя даць.

Маладыя й немаладыя сем’і з энтузіязмам запісваюцца ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Нехта ж павінен даць ім жыллё!

Нехта павінен рэалізаваць прадукцыю з складоў дзяржпрадпрыемстваў! Збыт мала цікавіць шараговых працаўнікоў. Іх справа — схадзіць на работу, а пасля атрымаць грошы. І бясплатную медыцынскую дапамогу. І ільготы.

Адкуль што бярэцца, як працуюць фінасавыя механізмы і рынак — беларусаў мала хвалюе. У Нараўлянскім раёне калгасы і заводы працуюць ва ўмовах татальнае радыяцыйнае забруджанасьці. Тых, хто ходзіць тут на работу, не хвалюе, ці насамрэч іх прадукцыя бяспечная. Бо ўсё гэта абавязаныя недзе прыняць і заплаціць ім.

Прытым шараговы беларус з пагардай глядзіць на айчынныя тавары. Ну хто марыць пра беларускі фотаапарат ці магнітафон? А іх працягваюць выпускаць.

Беларусы мараць, што нехта ім усё дасць задарма. Як у дзіцячых мроях пра вялізную цацачную краму, дзе можна ўзяць усё, што захочаш. Гэта прыпадабняе беларусаў да вызнанцаў карга-культаў (ад англійскага cargo cult — пакланенне грузу). На далёкіх выспах Акіяніі, дзе няма вытворчасці, электрычнасці, банкаўскіх аперацыяў, людзі вераць, што ўсе даброты цывілізацыі стварылі духі. І стварылі спецыяльна для іх.
А белы чалавек падманам усім завалодаў. Параўнаем: «Мы ж у савецкія часы цэлыя гарады ў вас будавалі ў Сібіры, здабывалі вам і нафту й газ! А ў Расіі нам не далі аніводнага радовішча!.."

Каб прадметаў спажывання стала болей, вызнанцы карга-культаў выконваюць рытуалы, падобныя на дзеянні цывілізаваных людзей. Напрыклад, правадыры кажуць прамовы, у якіх выліваюць сваю крыўду на чужы свет. Астравіцяне не разумеюць маштабаў і тэхналогіі вытворчасці. Іх уяўленні пра камерцыю, фінансы і культуру астатняга свету фрагментарныя і выпадковыя.

«Сервіс не павінен быць напышлівым, еўрапейскім, у ім мусіць быць нацыянальная славянская экзотыка: як калісьці ў нас на Палессі казалі, „латушкі“, гліняныя міскі, драўляныя лыжкі… Калі б мы гэты сэрвіс наладзілі, плыні турыстаў у Беларусь былі бы большыя, чым у Турцыю ці Егіпет», — усур’ёз кажа ў інтэрв’ю былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян.

Сярод найважнейшых рытуалаў карга-культу — мілітарызаваныя шэсці і парады. Вернікі імітуюць маршы, выкарыстоўваючы муляжы заместр аўтаматаў, малююць на целах «ордэны» і знакі адрознення, спяваюць песні, сэнс якіх ім невядомы. З трэсак, саломы, пальмавыга лісця яны робяць копіі ўзлётных палосаў, аэрапотаў, радыёвежаў у надзеі, што гэта прыцягне ўвагу самалётаў з грузамі.

Гэтак і беларусы імітуюць «маштабныя вучэнні» і ходзяць парадамі, спадзеючыся давесці прыхільнасць савецкім духам, якія абавязкова наўзамен прышлюць шмат грузаў з Расіі, дадуць задарма энэрганосьбіты і раскупяць айчынную прадукцыю.
Засталося яшчэ раз зазірнуць у гараскопы, прагнозы Глобы і як мае быць сустрэць кітайскі Новы год, у спадзеве, што Белы Тыгр прынясе яшчэ болей ільготаў, дабротаў і грузаў. Проста з неба!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?