21 сакавіка пройдзе з'езд АГП. Цяперашняму старшыні партыі Анатолю Лябедзьку давядзецца пазмагацца, каб застацца на пасадзе. Сярод імаверных супернікаў Лябедзькі найчасцей называецца былы палітвязень Андрэй Клімаў. Цяпер Клімаў блізкі да Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

«Наша Ніва»: Ходзіць шмат размоваў пра Вашае магчымае вылучэнне на пасаду старшыні АГП. Гэта праўда?

Андрэй Клімаў: Думаю, што гэта сведчыць пра тое, што я хутчэй жывы, чым мёртвы. Калі гаварыць сур’ёзна, то мне не да актыўнай палітычнай барацьбы цяпер. Я далёкі ад таго, якую палітыку цяпер праводзіць мая партыя. Раней, прынамсі, там усё было ў парадку.

«НН»: А чаму адышлі ад палітыкі?

АК: Па‑першае, я ўсё яшчэ не адышоў ад тых стрэсаў, якія са мной здарыліся. Маю на ўвазе тры судзімасці, тры турэмныя тэрміны. Па‑другое, мне няясныя пакуль палітычныя перспектывы. Пакуль у краіне не вырашаныя эканамічныя праблемы, то гаварыць пра палітыку не даводзіцца. Гаворка ўвогуле вядзецца пра захаванне суверэнітэту Беларусі. Цывілізаваная палітычная сістэма можа быць выбудаваная толькі пасля вырашэння ўсіх гаспадарчых пытанняў. Пакуль жа палітыка ў нас праходзіць на мяжы фолу, часта з небяспекай для жыцця. Я ў такім удзельнічаць не хачу.

«НН»: Апазіцыя павінна ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах?

АК: Калі яны згодныя на ролі акцёраў, якія падыгрываюць уладзе за грошы ці бясплатна, то калі ласка. Але асабіста я сэнсу ў гэтым не бачу.

«НН»: А чым увогуле займаецеся?

АК: Працы шмат. Найперш мне яшчэ трэба вырашыць праблемы са здароўем, па‑ранейшаму праходжу паслятурэмны курс рэабілітацыі. Цяпер займаюся тым, каб з мяне знялі хаця б першую судзімасць. Сямейныя справы, у мяне трое дзяцей, і я хачу праводзіць з імі больш часу, чым раней. Плюс да ўсяго трэба заставацца на плыву, зарабляць грошы. Дапамагаю некаторым сябрам па бізнэсе. Яшчэ кнігі пішу.

«НН»: Можа, што хутка выйдзе?

АК: Папраўдзе, у мяне ўжо ёсць гатовыя рэчы. Але я не бачу падыходзячага моманту, каб выдаць іх.

«НН»: З некім з палітыкаў супрацоўнічаеце?

АК: У мяне чэснае і шчырае супрацоўніцтва з Аляксандрам Мілінкевічам. Гэты чалавек даў мне другое дыханне. Я яму за гэта вельмі ўдзячны. Я цалкам падтрымліваю тую палітыку, якую праводзіць Мілінкевіч, на збліжэнне Беларусі з Еўрасаюзам. З іншымі неяк не атрымліваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?