2 лютага ў мінскім клубе «Лісіная нара» (вул. Каліноўскага, 32) пасля сямігадовага перапынку пройдзе фестываль альтэрнатыўнай музыкі «Сіні перац».

Лідэр гурту «Князь Мышкін» Лявон Нарушэвіч ізноў вырашыў сабраць музыкаў усіх масцяў, якіх яднае авантурызм, філантропія й арыгінальны светапогляд.

Першы фэст з назовам «Сіні перац» адбыўся ў 1993 г. Потым гэтае нефармальнае свята ладзілася на сталічных пляцоўках штогод. Сярод удзельнікаў адзначыліся «Тройца», Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, «Плато», «Нагуаль», Pete Paff, Сяргей Пукст. У межах фэсту можна было пабачыць панкаў, бардаў, фалькларыстаў, хіпі, рокераў, паэтаў, блюзмэнаў, электроншчыкаў, актораў… «Сіні перац» быў адзіным мерапрыемствам такога кшталту.

«Мне б хацелася,

каб атмасфера была добрая, і не збіраліся нейкія вар’яты, якія будуць кідаць адзін у аднаго кардонныя скрыні й называць гэта авангардам. Павінны быць цэльнасць і ўзаемапавага. І на сцэне — абавязкова якасць.
Інакш навошта туды наогул вылазіць?» — так акрэсліваў канцэпцыю свята завадатар Лявон Нарушэвіч. Фэст збіраў паўнюткія залі прагных некамерцыйнае музыкі. 10-ты «Сіні перац», праходзіў у малой зале Купалаўскага тэатра і вылучаўся пацыфісцкім пафасам — набліжалася вайна ў Іраку.

Пасля сямігадовага перапынку фэст вяртаецца. Спіс запрошаных — пярэсты і шматабяцальны. Выступяць «Кабарэ Мацільды Шторр» (літаратарская фармацыя з удзелам Віктара Жыбуля і Джэці), «Мох» (праект групы «Сонцакветкі», які вынаходзіць поп-музыку будучыні), «Альтанка» (этна-ансамбаль з удзелам першых музыкаў «Тройцы»), Міхал Кірычэнка (выканаўца неапалітанскіх спеваў), «Ліцвіны» (фолк-рэканструктары, але на фэсце будуць іграць блюз), «Рацыянальная дыета» (прагрэсіўная суполка маладых кампазітараў), «Князь Мышкін» (інтуітыўныя імправізатары з 19-гадовым стажам), Электра-трыё«Банько-Бубен-Плян» (нойс).

Пачатак у 19.00. Даведкі: (029) 682-02-58, 620-32-01, 331-41-54.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?