Як паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС, 29—31 студзеня на дарогах краіны адбылося 47 ДТЗ, у якіх пацярпелі людзі. Загінулі 18 чалавек, 62 атрымалі раненні, у тым ліку дзіця.

Для параўнання, 22—24 студзеня было зарэгістравана 27 уліковых ДТЗ, у выніку якіх сем чалавек загінулі і 28 шпіталяваны з траўмамі рознай ступені цяжкасці.

Пры росце колькасці ДТЗ з пацярпелымі адзначана зніжэнне агульнай колькасці ДТЗ. 29 студзеня іх было зарэгістравана 496, 30 студзеня — 254 і 31 студзеня — 198.

У мінулыя выхадныя ў васьмі выпадках людзі загінулі ў выніку лабавых сутыкненняў аўтатранспарту, у пяці — у выніку наездаў на пешаходаў і ў адным — у выніку сутыкнення машын, якія рухаліся ў спадарожным напрамку.

Два чалавекі загінулі ў выніку ДТЗ у Мінскім раёне 29 студзеня. У вёсцы Паперня 30‑гадовая кіроўца «Таёты РАВ‑4» не справілася з кіраваннем, і на паласе сустрэчнага руху яе аўтамабіль сутыкнуўся з грузавіком «МАЗ». Загінулі кіроўца і 40‑гадовая пасажырка пазадарожніка.

У гэты ж дзень недалёка ад Салігорска не справіўся з кіраваннем 35‑гадовы кіроўца «Аўдзі»: машына выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнулася з «Рэно». У выніку ДТЗ на месцы здарэння загінулі пасажыр «Аўдзі» і пасажырка «Рэно».

У бальніцу былі дастаўлены дзевяцігадовая пасажырка «Рэно» і абодва кіроўцы, дзе кіроўца «Аўдзі» памёр.

30 студзеня ў Салігорскім раёне 43‑гадовы кіроўца «КІА», які пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання за кіраванне ў нецвярозым стане, не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з «Рэно». У выніку ДТЗ тры чалавекі загінулі, адзін шпіталяваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?