10 лютага скончылася міжнародная канферэнцыя «Шлях Беларусі ў Еўропе». Заключнай яе часткай стала абмеркаванне ролі праграмы «Усходняе партнёрства» для Беларусі.
Удзел у дыскусіі прынялі Уладзіслаў Вялічка – cтаршыня Міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь», Вольга Стужынская – прадстаўніца арганізацыі «Офіс за дэмакратычную Беларусь», Ралан Фрэдзенштайн з Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў, Аляксандр Стралкоў – прадстаўнік Інстытуту Еўропы Расійскай акадэміі навук, і Еўгеніюш Смоляр з варшаўскага Цэнтра міжнародных адносінаў.
На канферэнцыі былі акрэсленыя чаканні і перспектывы ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» ў такіх галінах як эканамічнае супрацоўніцтва, адносіны ў сферы энергетыкі, палітычнае і сацыяльнае развіццё. Як зазначыла Вольга Стужынская --
«УП – гэта суфле, якое занадта рана дасталі з печы. Аднак удзел у праграме для Беларусі мае пазітыўныя вынікі.»В.Стужынская таксама заўважыла, што УП дазволіла нашай краіне часткова пазбавіцца клішэ «апошняй дыктатуры ў Еўропе» і палегчыла працэдуру атрымання еўрапейскіх крэдытаў.
Аляксандр Стралкоў з Інстытута Еўропы РАН распавёў аб адносінах Расіі да праграмы УП.
«Расія адмоўна аднеслася да з’яўлення УП. Былі нават пажаданні, каб Еўропа кансультавалася з Расіяй у справах праграмы «Усходняе партнёрства». Адной думкі ў Расіі, натуральна, няма, аднак пераважаюць негатыўныя трактоўкі».
Еўгеніюш Смоляр сканцэнтраваўся ў сваім выступе на рэгіянальнай палітыцы. «Гэта памылка, што Беларусь і Польшча не маюць цесных адносінаў. Нам яны патрэбныя» – адзначыў палітолаг.
Канферэнцыя прыцягнула ўвагу не толькі апазіцыі і незалежных грамадскіх колаў. На ёй прысутнічалі дзяржаўныя чыноўнікі і прадстаўнікі вядучых ВНУ краіны. Відавочна, што цікавасць да еўрапейскага шляху Беларусі паступова прачынаецца і ў афіцыйных колах.