Прыбытак міністраў вымяраецца не проста мільёнамі, а дзесяткамі мільёнаў, а іх дамы — тысячамі квадратных метраў. Самыя багатыя — новыя віцэ-прэм’еры і кіраўнік спецслужбы.

Урад Януковіча — урад кантрастаў. З аднаго боку, у яго трапілі людзі, якія пачыналі прадаўцамі, маркшэйдэрамі, шахцёрамі, а з другога — яны належаць да ліку самых багатых людзей Украіны.

Пры гэтым

самы багаты кандыдат у прэзідэнты Сяргей Цігіпка аказаўся толькі другім багацеем у рэйтынгу ўраду Азарава. Лідэрам тут стаў найбліжэйшы сябар мільярдэра Рыната Ахметава і новы віцэ-прэм’ер па Еўра-2012 Барыс Калеснікаў.

Барыс Калеснікаў

У парламенце перад прызначэннем чыноўнікаў на пасады былі распаўсюджаныя іх аўтабіяграфіі. Факты, якія там апынуліся, пралілі святло на паходжанне многіх уплывовых асоб.

Так, як высветлілася, сваю кар’еру Барыс Калеснікаў пачынаў прадаўцом у данецкіх крамах, а ў гады перабудовы нават папрацаваў сталяром на металаапрацоўчым прадпрыемстве. І толькі пасля працоўных будняў на цэнтральным калгасным рынку Калеснікаў змяніў статус прараба на статус гендырэктара кампаніі «Юг», з якой і пачалася яго бізнэс-кар’ера.
Цяпер уладальнік кампаніі «Конці», якая выпускае слодычы і мае ўдзел у банках, уваходзіць у лік 50-ці найбагацейшых людзей Украіны.

Сукупны прыбытак зноў прызначанага віцэ-прэм’ера па пытаннях Еўра-2012 у 2008 годзе склаў каля 12 мільёнаў даляраў.

Дэпутацкая зарплата — дастаткова бедны ўнёсак у прыбытак Калеснікава — склала 45 тысяч даляраў.

Згодна з дэкларацыяй, у Калеснікава ёсць зямельны ўчастак плошчай 5 гектараў, кватэра плошчай 217 метраў і гараж на 30,6 квадратаў. Разам з тым, у членаў сям’і Калеснікава ёсць зямельны ўчастак плошчай 20 сотак, дом на 541 метр і гараж на 20 метраў.

Калеснікаў прапісаны ў Данецку, хаця яго сям’я жыве ў Маскве, дзе вучыцца яго сын. Ездзіць Калеснікаў на статусных аўтамабілях «Мерсэдэс S-500» і «Мерсэдэс S-600 L».

Рахункі новага віцэ-прэм’ера складаюць дзевяцізначную лічбу — 109 мільёнаў грыўняў, а ў членаў сям’і Калеснікава — 21,5 мільёна.

Варта адзначыць, што Калеснікаў падаў у парламент дэкларацыю за 2008 год, але ўжо паабяцаў журналістам паказаць і сваю фінансавую справаздачу за 2009 г., адзначыўшы, што ён будзе багацейшы за ўвесь «расейскі, украінскі і малдаўскі ўрады».

Сяргей Цігіпка

Эканамічны віцэ-прэм’ер ў 2008 годзе Сяргей Цігіпка зарабіў больш за 4 мільёны даляраў. Яго біяграфія і крыніцы прыбытку падрабязна аналізаваліся падчас выбараў прэзідэнта, дзе балатаваўся Цігіпка.

Нямала задэклараваных грошай яму прынесла банкаўская справа, але больш атрымаў ад адчужэння каштоўных папераў.

На рахунках у банках Цігіпка мае 4,5 мільёна грыўняў.

У адрозненне ад Калеснікава, Цігіпка рабіў кар’еру не ў гандлі, а на камсамольскай ніве. Але ўжо ў пачатку 90-х узначаліў банк «Днепр», а затым — «Прыватбанк». З часам інтарэсы Цігіпка і «Прывату» разышліся, і ён зрабіўся кансультантам Леаніда Кучмы, які і скіроўваў яго далейшую палітычную кар’еру.

У 2004 годзе Цігіпка быў кіраўніком штабу Віктара Януковіча, з якога «знік» пасля другога туру. 5 гадоў ён адседжваўся ў ценю і ціха вёў банкаўскі бізнэс. І вось цяпер Цігіпка зноў у звыклым і традыцыйна не дужа прыязным атачэнні каманды Януковіча.

Андрэй Клюеў

Трэцяе месца ў рэйтынгу ўрадавых багацеяў займае віцэ-прэм’ер Андрэй Клюеў. Некалькі гадоў таму ў інтэрв’ю Клюеў так апісаў пачатак сваёй кар’еры:

«Яшчэ пры СССР я стаў кандыдатам тэхнічных навук; пасля абароны дысертацыі некаторы час працаваў асістэнтам на кафедры ў ДПІ. Не было кватэры, жыў у флігелі. Жонка не працавала — маленькае дзіця на руках. Грошай не хапала… Я кіраўніку сказаў: „Буду, напэўна, займацца бізнэсам“.

Я падымаўся, як і шмат хто ў той час, з нуля. У мяне да таго моманту было 18 вынаходак. Тычыліся яны тэхналогіі ўмацавання падземных збудаванняў. Арганізаваў іх укараненне. Затым наладзіў ўласную вытворчасць, браў крэдыты. Потым пабудаваў падшыпнікавы завод. Гэта звычайная бізнэс-гісторыя…»

«Укрпадшыпнік» доўгі час быў ключавым прадпрыемствам братоў Клюевых.

У сярэдзіне 90-хКлюеў-старэйшы дадаў да бізнэсу яшчэ адзін шлях кар’еры — ён пайшоў у мясцовую ўладу. Спачатку стаў намеснікам старшыні Данецкага аблсавету, а затым і губернатара. Менавіта там перасекліся шляхі Клюева і цяперашняга прэзідэнта Януковіча, які ў той час быў кіраўніком Данецкай вобласці.

У 2004-м Клюеў быў шэфам ценявога штабу кандыдата ў прэзідэнты Януковіча.

Прызначэнне ва ўрад прымусіла Клюева рассакрэціць свае прыбыткі. Раней ён адмаўляў журналістам у адказ на запыты аб апублікаванні сваёй дэкларацыі.

Такім чынам, у 2009 годзе Клюеў зарабіў больш за мільён даляраў.

Яму належыць зямельны ўчастак плошчай звыш 9 гектараў. Гэта абнесеная гранітнай сцяной частка лесу са сваімі футбольнымі палямі, кортамі і дарогамі ў пасёлку Рудыкі каля прыгожага ўзбярэжжа Дняпра ў Кончы-Заспе пад Кіевам.

Паводле дэкларацыі, Клюеў валодае домам плошчай 2 тысячы 310 квадратных метраў (!), Кватэра плошчай 31 метр і машынай Mercedes.

Яго сям’і належыць зямельны ўчастак плошчай 20 сотак і кватэра плошчай амаль 300 метраў.

Таксама сям’і Клюева належаць два аўтамабілі — спартыўны Porsche Carrera і пазадарожнік Audi Q5.

Сума грашовых сродкаў на рахунках у банках Клюева складае 17 мільёнаў 276 тысяч 915 грыўняў.

Валерый Харашкоўскі

Чацвертым з самых багатых чальцоў новай уладнай каманды з’яўляецца Валерый Харашкоўскі, які стаў паўнапраўным кіраўніком Службы бяспекі Украіны — аналага беларускага КДБ. Хоць ён не ўваходзіць у склад ураду, але па статусе адносіцца да найбольш уплывовых асоб дзяржавы.

Харашкоўскі — гэта яшчэ адзін узор кар’еры хлопчыкаў і дзяўчынак эпохі заняпаду «саўка». Маці Харашкоўскага была буйным навукоўцам, але сын змог скончыць толькі сярэднюю школу. Пасля гэтага ён пайшоў працаваць вучнем токара, а затым — кіроўцам у заапарк.

І толькі пасля войска, у 1989-м, Харашкоўскі паступіў на юрфак універсітэта Шаўчэнкі.

Першы капітал, па словах самога Харашкоўскага, ён зарабіў на гандлі мэбляй, заснаваў фірму «Меркс». А ў канцы 90-х, прабіўшыся ў памочнікі прэм’ера Пуставойценка, пачаў сам пракладаць дарогу ў вялікую палітыку.

У Кіеве у Харашкоўскага не заладзілася. У парламент ён трапіў толькі праз Крымскую акругу. Палітычнае шчасце было нядоўгім — ужо ў 2002 г. ён пацярпеў паразу на выбарах разам з тэхналагічным праектам Віктара Пінчука «Каманда азімага пакалення».

У 2002-м ва ўрадзе Віктара Януковіча Харашкоўскі стаў міністрам эканомікі. І сышоў з яго ў пачатку 2004-га праз нязгоду са спробамі інтэграваць Украіну ў АЭП. Гэты супраціў суправаджаўся словамі тагачаснага лідэра апазіцыі Віктара Юшчанкі: «Брава, Валерый!».

На працягу 2004–2005 гадоў малады палітык засвяціўся ў Расіі на кіроўных пасадах у холдынгу «Евраз». Але ўрэшце ён зноў вярнуўся ва Украіну, дзе ўзначаліў назіральную раду канала «Інтэр». Партнёрам Харашкоўскага на тэлебачанні стаў алігарх Дзмірый Фірташ.

Далей

у статусе ўладальніка «першай кнопкі» краіны Харашкоўскі трапляе на пасаду намесніка сакратара Рады бяспекі, потым Юлія Цімашэнка прызначае яго кіраўніком мытнай службы, а адтуль, пасля скандалу з экспрапрыяцыяй газу Дзмітрыя Фірташа, Віктар Юшчанка пераводзіць яго ў СБУ на пасаду першага намесніка.

Яшчэ адзін надзвычайны штрых — у 34 гады Харашкоўскі стаў доктарам эканамічных навук!

Акрамя палітычнай кар’еры Харашкоўскі мае нядрэннае фінансавае становішча.

Яго агульны прыбытак у 2009 годзе склаў 5,8 мільёна грыўняў. Львіную іх частку складалі дывідэнды. Затое заработная плата намесніка старшыні СБУ дала Харашкоўскаму толькі 201 тысячу грыўняў.

Яшчэ 33 тысячы ён атрымаў як матэрыяльную дапамогу, а 20 тысяч — у якасці страхавога пакрыцця. Акрамя таго, новы кіраўнік СБУ не паленаваўся і адзначыў дастаткова смешны прыбытак у 614 грыўняў, атрыманы ці то ад навуковай дзейнасці, ці то ў якасці ганарару.

Ва ўласнасці Харашкоўскага 98 гектараў (!) зямлі. Яшчэ 23 гектары мае яго сям’я. Але гэта не найбольшыя яго ўладанні.

Плошчу дома (або дамоў) сям’і Харашкоўскага складаюць астранамічныя 9 806 квадратных метры. З дэкларацыі незразумела, адзін гэта маёнтак або некалькі. Але дэпутаты ў пятніцу ў Радзе прыкінулі, што жытло Харашкоўскага роўнае 200 двухпакаёвым кватэрам.
Дарэчы, кватэра сям’і новага старшыні СБУ таксама немалая — больш за тысячу метраў.

Акрамя таго, у валоданні сям’і Харашкоўскага цэлы аўтапарк: два Porsche, тры «Мерсэдэсы», Maybach даўжынёй шэсць метраў і Bentley.

На рахунках Харашкоўскага ляжыць 45,5 мільёна, а яго сям’і — амаль 280 мільёнаў.

Такім чынам, калі ў Януковіча раптам стане кепска з фінансамі, ён зможа вывесці краіну з крызісу, пазычыўшы грошай у сваіх калег.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?