У Беларусі неабходна распрацаваць праграму па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак да 2015 года, зрабіўшы яе зразумелай і даступнай. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 мая на нарадзе па пытаннях развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, паведаміла прэс‑служба прэзідэнта.

Пытанне развіцця асабістых падсобных гаспадарак «неаднаразова ўзнімалася прэзідэнтам». Упершыню яно было разгледжана ў 2000 годзе. Развіццё сялянскіх (фермерскіх) і асабістых падсобных гаспадарак увайшло асобным кірункам у Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2010 гады.

Аднак, «нягледзячы на ўсе прынятыя меры, становішча спраў у гэтым сектары эканомікі стабільна пагаршалася». Гэта катэгорыя гаспадарак «іграе значную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны, занятасці насельніцтва, служыць дадатковай крыніцай даходаў сельскіх жыхароў».

Выкарыстоўваючы крыху больш як 11% сельскагаспадарчых зямель, грамадзяне ў асабістых падсобных гаспадарках вырабляюць каля 30% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі.

У гэтых гаспадарках вырошчваюцца найбольш працаёмкія культуры — бульба (88% агульнага збору), агародніна (80%), плады і ягады (больш за 90%).

Колькасць асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна жывуць у сельскай мясцовасці, няўхільна памяншаецца: у параўнанні з 2000 годам іх стала менш на 175 тыс., або на 14%. Гэта тэндэнцыя характэрная для ўсіх абласцей.

На думку Лукашэнкі, такія гаспадаркі выконваюць і важную выхаваўчую функцыю: «Жыццё паказвае: там, дзе з дзяцінства прыцягваюць да працы, догляду жывёлы і агародніцтва, там менш праблем з п’янствам і іншымі негатыўнымі з’явамі».

Лукашэнка лічыць, што нельга на 100% пагадзіцца з меркаваннем, што аб’ектыўнымі прычынамі спаду з’яўляюцца скарачэнне колькасці сельскіх жыхароў, старэнне сялян, нежаданне моладзі абзаводзіцца падсобнай гаспадаркай.

«Справа не столькі ў аб’ектыўных прычынах, колькі ў абыякавым, дакладней, у нядбайным стаўленні ў першую чаргу з боку мясцовых улад да клопатаў людзей, якія вядуць падсобныя гаспадаркі, — сказаў Лукашэнка. — Практычна ўсё кінута на самацёк, маўляў, выжывуць — дык выжывуць, а не — дык не, за прыватнікаў, здаецца, мы не ў адказе. Так нікуды не варта».

Ён пагадзіўся з неабходнасцю распрацоўкі праграмы па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак да 2015 года. Аднак, падкрэсліў Лукашэнка, «гэта павінна быць вельмі зразумелая, даступная і кароткая праграма, дзе будзе вызначана яшчэ раз, што такое асабістая падсобная гаспадарка, якія льготы, прывілеі і падтрымка, але ні ў якім разе не ўтрыманства». У дакуменце таксама будуць вызначаны адказныя за яе рэалізацыю: кіраўнікі гаспадаркі, сельсавета і райвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?