Аляксандр Лукашэнка 2 чэрвеня прыбыў з афіцыйным візітам у Азербайджан, паведамляе азербайджанскае дзяржаўнае агенцтва Азер Тадж.

У міжнародным аэрапорце імя Гейдара Аліева, упрыгожаным сцягамі дзвюх дзяржаў, у гонар беларускага прэзідэнта быў пашыхтаваны ганаровы каравул.

Лукашэнку сустрэлі першы намеснік прэм’ер‑міністра Азербайджана Ягуб Эйюбаў і іншыя афіцыйныя асобы.

У спецыяльным салоне аэрапорта для высокапастаўленых гасцей адбылася кароткая пратакольная сустрэча паміж першым намеснікам прэм’ер‑міністра Азербайджана і прэзідэнтам Беларусі.

Як паведамляе прэс‑служба кіраўніка беларускай дзяржавы,

Аляксандр Лукашэнка ў Баку правядзе шэраг перамоў са сваім азербайджанскім калегам Ільхамам Аліевым,

па выніках якіх чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў у сферы эканомікі, інфарматызацыі і інфармацыйных тэхналогій, сацыяльнай абароны, аховы навакольнага асяроддзя, статыстыкі.

Праграмай візіту прэзідэнта Беларусі, які завершыцца 4 чэрвеня, запланавана таксама сустрэча з прэм’ер‑міністрам Азербайджана Артурам Расі‑задэ, наведванне прамысловых і культурных аб’ектаў сталіцы, знакавых для азербайджанскага народа месцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?