Беларусь і Сірыя маюць намер рэалізаваць трохбаковыя праекты ў сферы эканомікі з Венесуэлай і Катарам, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія цытуе прэс-служба прэзідэнта, падчас яго апошняга візіту ў Венесуэлу Уга Чавес прапанаваў знайсці агульныя для Беларусі, Венесуэлы і Сірыі праекты. Міністры замежных спраў трох краін адпрацуюць гэтае пытанне, і найбліжэйшым часам тры прэзідэнты сустрэнуцца ў Дамаску, каб зацвердзіць гэтыя праекты. «Аналагічна мы паспрабуем выйсці на цікавыя праекты з Катарам і ажыццявіць іх найбліжэйшым часам», — сказаў Лукашэнка.

Ён пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку развіваць супрацоўніцтва з Сірыяй па ўсіх аспектах, ад ваенна-тэхнічнага да ўзаемадзеяння ў эканоміцы і сельскай гаспадарцы. Беларускі бок гатовы ўдзельнічаць у праектах па стварэнні сумесных вытворчасцяў у Сірыі, у рэалізацыі праграм закупак трактарнай і аўтамабільнай тэхнікі, арганізацыі зборачнай вытворчасці. «Мы можам вырабляць разам з сірыйцамі на іх тэрыторыі ўсё, што яны захочуць, плюс гатовы навучыць іх і вывесці на ўзровень нашых спецыялістаў па гэтых напрамках… Сірыйскі бок цікавіць развіццё электраэнергіі, і мы гатовы ў гэтым удзельнічаць», — сказаў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь высока цэніць міжнародныя намаганні Сірыі ў блізкаўсходнім урэгуляванні і адзначае важную ролю гэтай краіны ў падтрымцы рэгіянальнай бяспекі.

«Мы салідарныя з патрабаваннямі міжнароднай супольнасці рэалізаваць законнае права палесцінцаў на стварэнне ўласнай дзяржавы», — сказаў беларускі кіраўнік.

Падчас сустрэчы ў пашыраным складзе падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных абласцях.

У прыватнасці, падпісана міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве ў вобласці электрасувязі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, Мемарандум аб ўзаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам вышэйшай адукацыі Сірыі. Міністэрствы юстыцыі дзвюх краін заключылі мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва.

Былі падпісаныя Мемарандум аб намерах у сферы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Генеральнай арганізацыяй дыстанцыйнага зандзіравання Сірыі і выканаўчыя праграмы на 2011–2012 гады аб тэхнічным і навуковым супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі. Бакі таксама падпісалі праграму па рэалізацыі пагаднення паміж беларускім Дзяржстандартам і Сірыйскай Арабскай арганізацыяй па стандартызацыі і метралогіі аб супрацоўніцтве ў сферы ўзаемнага прызнання вынікаў ацэнкі адпаведнасці.

Як заявіў Лукашэнка, рэалізацыя сумесных праектаў Беларусі і Сірыі будзе садзейнічаць у тым ліку ўмацаванню бяспекі дзвюх краін. «У нас ёсць маса праектаў і напрамкаў супрацоўніцтва, рэалізацыя якіх можа ўмацаваць нас, а значыць, і нашу бяспеку, і прымусіць іншых нас паважаць», — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле яго слоў, беларусы і сірыйцы падобныя паміж сабой тым, што заўсёды змагаліся і змагаюцца за незалежнасць і суверэнітэт сваіх дзяржаў. «Мы выступаем супраць любых спосабаў націску, будзь то палітычныя, эканамічныя, ці, не дай Божа, ваенныя. Мы цывілізаваныя людзі і патрабуем да нас цывілізаванага стаўлення», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?