Цяжка не пагадзіцца са спадарыняй Длатоўскай, якая надрукавала сёлета ў трэцім нумары «Нашай Нівы» артыкул пад назвай «Джынсы — не найгоршы варыянт». Шчыра кажучы, калі пісаў пра «джынсы» й «джынсу» на старонках «НН», не разьлічваў на сур’ёзную палеміку вакол тэкстыльных вырабаў ды іхнага значэньня ў гісторыі сучаснасьці. Дальбог, зусім не хацелася ні з кім спрачацца наконт прадметаў вопраткі. Але слова не верабей! Відавочна, мая іронія ў дачыненьні да джынсаў як нейкага сымбалю не была пачутая, і аўтар быў залічаны калі не ў контрарэвалюцыянэры, дык у рэтраграды, ворагі прагрэсу й моды. Зразумела, няма ў тым вялікай бяды. Але ж размова была не пра вопратку...

Паголеныя чарапы

Адразу адкрыю вялікую таямніцу. Аўтар гэтых радкоў амаль усё сваё сьвядомае жыцьцё, гадоў з 14-ці, носіць джынсы. І мой сын таксама. І магчыма, мая ўнучка будзе іх насіць, калі падрасьце. Паводле сваёй зручнасьці джынсы — сапраўды геніяльная рэч. Вось толькі ніколі мне ці майму сыну не прыходзіла да галавы, што надзець штаны — значыць, зьдзейсьніць гераічны ўчынак.

Прыходзіць на памяць эпізод з майго школьнага маленства. Недзе на пачатку 1970-х гадоў у школе, дзе я вучыўся, здарыўся скандальны выпадак. Некалькі хлопцаў-выпускнікоў — чалавек шэсьць — прыйшлі на заняткі, аднолькава стрыжаныя «пад нуль». Памятаю, як яны стаялі на школьнай лінейцы з абсалютна лысымі, паголенымі чарапамі, з задаволенымі тварамі, ледзь стрымліваючы ўсьмешкі. Настаўнікі былі ў шоку. Некалькі дзён запар перад тым яны патрабавалі ад старшаклясьнікаў пастрыгчы валасы, бо яны падаваліся школьнаму начальству занадта даўгімі. Такой радыкальнай альтэрнатывы яны не чакалі й разугубіліся.

Насіць прычоскі а-ля «Бітлз» у школе за тым часам катэгарычна забаранялася, гэта лічылася ідэалягічнай дывэрсіяй. (Гэтаксама не было чаго й думаць тады прыйсьці ў школу ў джынсах.) А вось пра слова «скінгэды» тады яшчэ, мабыць, ня чулі ні школьнікі, ні нават большасьць настаўнікаў. Інакш, вядома, хлопцам іхны жарт не даравалі б. А так усё абышлося без наступстваў. Школьны ваенрук нават быў рады і ставіў паголеных хлопцаў іншым у прыклад: вось, маўляў, як трэба рыхтавацца да службы ў савецкім войску!

А хлопцы, безумоўна, пра войска ў той момант ня думалі. І дысыдэнтамі, змагарамі з савецкай сыстэмай таксама сябе не лічылі. Яны проста зрабілі ўчынак, падпарадкоўваючыся ўнутранаму руху душы, адчуўшы сябе свабоднымі людзьмі.

З таго часу мінула больш за трыццаць гадоў. Здавалася б, усё вярнулася да канонаў тых 1970-х гадоў. І палітынфармацыі вярнуліся, і школьныя лінейкі, і змаганьне начальства з «ідэалягічнай заразай». І школьнікі па-ранейшаму часам любяць пажартаваць ці пахуліганіць. А частка маладога пакаленьня, здаецца, адкрыла для сябе, што «фарсіць» можна ня толькі імпартнай вопраткай, але й перайманымі думкамі, ладам паводзінаў, стылем жыцьця. Іх таксама, як выявілася, можна прымяраць на сябе, як тую модную вопратку. Сёньня панасіў бясплатна — заўтра выкінуў. Сёньня гаворыш па-беларуску, заўтра стаў дарослым, салідным чалавекам, зрабіў кар’еру — і на мову забыўся.

Сьвечка ў кішэні

Выявілася, што быць рэвалюцыянэрам (а гэта таксама зрабілася модным у пэўных колах моладзі, дый ня толькі моладзі) няцяжка. Дастаткова надзець джынсы ці запаліць сьвечку ў акне.

Выкажу тут сваю асабістую думку, якую нікому, зноў жа, не навязваю. Хоць і разумею, што ад абвінавачваньняў у рэтраградзтве й рэакцыйнасьці мяне гэта ўсё адно не ўратуе. Запаліць сьвечкі ў памяць аб загіблых або зьніклых — рэч выскародная. Можна сказаць, што гэта нават сьвяты абавязак для кожнага сумленнага чалавека, і дзякуй тым, хто прыдумаў гэткую форму салідарнасьці. Але абвяшчаць нармальны чалавечы ўчынак актам грамадзянскай мужнасьці, падлічваць колькасьць запаленых сьвечак у вокнах, рабіць з гэтага палітычную кампанію неяк непрыгожа. Можа быць, за мінулыя гады крытэры мужнасьці зьмяніліся? Ведаю, што журналістка Ірына Халіп магла б павучыць мужнасьці многіх маладзейшых за яе прагрэсіўных журналістаў.

Увогуле, патлумачыць, чым менавіта несымпатычныя згаданыя вышэй «акцыі салідарнасьці», мне цяжка. Паспрабуйце патлумачыць чалавеку, які хваліцца сваёй сьціпласьцю й высакароднасцью, што ён паводзіць сябе нясьціпла й невысакародна. Ён вас не зразумее ды яшчэ ўзьненавідзіць, як асабістага ворага.

Альбо паспрабуйце баязьліўцу сказаць у твар, што ён баязьлівец.

Называць усіх, хто сёньня носіць джынсы, рэвалюцыянэрамі альбо свабоднымі людзьмі — значыць, займацца імітацыяй рэвалюцыі, прафанацыяй ідэі свабоды.

Чаму б тады не абраць, напрыклад, у якасьці прыкметы рэвалюцыйнасьці акуляры, капялюш ці проста наяўнасьць пад капелюшом галавы.

Ніхто не спрачаецца — у рэвалюцыяў павінны быць свае сымбалі. Але перш чым яны зьявяцца, патрэбныя рэвалюцыйная сытуацыя ў грамадзтве ці хоць бы рэвалюцыйныя настроі. Нічога падобнага ў Беларусі сёньня няма. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова адарвацца ад кампутара і зірнуць у акно.

Хутчэй можна гаварыць аб контрарэвалюцыйных настроях. Пакуль бальшыня людзей, у тым ліку маладых людзей, марыць аб былых савецкіх парадках і савецкім дабрабыце (гарантаваная зарплата, кватэра, «бясплатныя» адукацыя ды мэдыцына, адпачынак у прафсаюзнай «здраўніцы»), ні аб якой электаральнай рэвалюцыі не даводзіцца марыць. Бо менавіта цяперашняя ўлада гарантуе (ці хоць бы абяцае) захаваньне такога «дабрабыту».

Расплюшчыць вочы

Іншая справа, што ні рэвалюцыя, ні яе адсутнасьць ня маюць простага дачыненьня да стану душы чалавека, ягонай асабістай свабоды. Доказам могуць служыць падзеі 1991 году. Інакш як рэвалюцыйнымі іх не назавеш. Але распад СССР і ўтварэньне незалежнай Беларусі, скажам, адбыліся насуперак волі мільёнаў савецкіх абываталяў альбо, прынамсі, бязь іхнага ўдзелу. На іх унтуранай свабодзе альбо яе адсутнасьці рэвалюцыйныя падзеі ніяк не адбіліся. Выхаваныя ў рабстве, большасьць людзей засталіся рабамі. І ніякія джынсы ці іншыя аксэсуары ня могуць кампэнсаваць адсутнасьць унутранай свабоды.

Здавалася, праўда аб сталінскім ГУЛАГу і злачынствах расейскай імпэрыі раскрые вочы мільёнам, і гэтая праўда гарантуе, што тыя злачынствы ніколі не паўторацца. Вочы мільёнаў расплюшчыліся... і абыякава заплюшчыліся зноў. У іх не было патрэбы ведаць. Не было імкненьня да свабоды.

Мала сказаць: «Свабода. Праўда. Справядлівасьць». Трэба адчуць гэтыя словы ня звонку, а знутры, як маральны імпэратыў. І ніякія зьнешнія сымбалі, нават самыя высокія й святыя, самі па сабе нам не дапамогуць.

У пасрэднага амэрыканскага пісьменьніка Стывэна Кінга ў адным з фантастычных раманаў ёсьць неблагі эпізод, дзе сьвятар спрабуе перамагчы д’ябла з дапамогай крыжа. Але пасьля некалькіх спробаў ён з адчаем пераконваецца, што ягоныя спробы марныя: бязь веры ў душы ўкрыжаваньне страціла хросную сілу ды ператварылася ўсяго толькі ў мёртвы кавалак дрэва, што выклікала ў праціўніка д’ябальскі сьмех.

Што ўжо казаць пра сымбалі матэрыяльнай культуры — такія, як джынсы, да прыкладу? Часам непрыемна бачыць постаць якой-небудзь раскароўленай жанчыны ў джынсах, якія шчыльна аблягаюць яе тлустыя клубы. Як кажуць у такіх выпадках у народзе, «пасуе, як карове сядло». Гэтак слова «свабода» гучыць непраўдзіва, нават непрыстойна ў вуснах некаторых дэмакратычных каныдатаў на прэзыдэнта.

Ізноў пагаджуся: джынсы — не найгоршы варыянт. Трэба ж нечым і сорам прыкрыць, і адсутнасьць амуніцыі разам з амбіцыямі. Але толькі ня трэба спэкуляваць. Ні вопраткай, ні паняцьцямі. Хай спачатку высьпее й народзіцца рэвалюцыя. А ўжо як яе назваць — вырашым як-небудзь потым.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0