Сёньня Эўракамісія пачала рэалізацыю праграмы на суму 4,5 млн эўра па вылучэньні стыпэндый беларускім студэнтам, ахвотнікам навучацца за мяжой. У рамках праекту, які будзе выконвацца Радай міністраў Паўночных Краін, стыпэндыі могуць быць вылучаныя ўжо з пачатку гэтага навучальнага году. З улікам унёскаў Рады міністраў Паўночных Краін агульны бюджэт праграмы дасягае 5 млн эўра.

Стыпэндыі будуць вылучацца студэнтам, якія трывалі ўціск з боку рэжыму і не змаглі навучацца ў беларускіх унівэрсытэтах дзеля свае палітычнае дзейнасьці падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 г. З дапамогай гэтых стыпэндый беларускія студэнты, выдаленыя з ВНУ, змогуць працягнуць навучаньне ў суседніх краінах, напрыклад, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні або на Ўкраіне. Гэтая ініцыятыва дапаўняе наяўныя праграмы некаторых краін-чальцоў Эўразьвязу для дадзенай катэгорыі студэнтаў. Праект ёсьць часткай высілкаў Эўракамісіі дзеля падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і асабліва студэнтаў і моладзі.

Камісар у замежных сувязях і эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла: "Эўропа выяўляе свой клопат аб народзе Беларусі і імкнецца аказаць дапамогу тым, хто пацярпеў дзеля сваёй палітычнай актыўнасьці, якая ёсьць нормай у дэмакратычных краінах. Я спадзяюся, што тыя, хто пройдзе навучаньне, выкарыстаўшы дадзеную магчымасьць, павязе дахаты глыбейшае разуменьне жыцьця ў вольным грамадзтве і вялікую надзею і аптымізм на тое, што аднойчы гэтыя свабоды прыйдуць і ў іхнюю краіну".

Сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі застаецца складанай і працягвае горшаць. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 г. Беларускія ўлады ўзмацнілі ціск на грамадзянскую супольнасьць і асабліва на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, моладзевыя рухі, сілы апазыцыі і НВА.

Ад санкцыям, сярод іншых, пацярпелі і студэнты, якія патрабавалі дэмакратычных выбараў. У якасьці рэпрэсіўных мер частку студэнтаў з палітычных матываў выдалілі з ВНУ, а частку абітурыентаў не дапусьцілі да іспытаў. Чакаецца, што яшчэ большая колькасьць студэнтаў не атрымае доступу да адукацыі ў надыходзячым навучальным годзе.

Трохгадовая праграма Эўракамісіі для беларускіх студэнтаў зь бюджэтам у 4,5 млн эўра складаецца з трох кампанэнтаў:

– стыпэндыі для 170 магістарскіх і 35 бакаляўрскіх праграм для новых студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні;

– выдаткі на пражываньне беларускіх студэнтаў якія ўжо навучаюцца ў ЭГУ;

– стыпэндыі для 100 студэнтаў на атрыманьне вышэйшай адукацыі ва Ўкраіне і іншых краінах-суседках.

Эўрапейская камісія падтрымлівае ЭГУ, беларускі ўнівэрсытэт, які быў змушаны эміграваць у Вільню, вылучаючы 2,2 млн эўра. ЭГУ дазваляе маладым беларусам атрымоўваць адукацыю ў сфэры сацыяльных альбо гуманітарных навук. Для тых, хто жадаў бы вывучаць іншыя дысцыпліны, прымальнай альтэрнатывай будуць украінскія ўнівэрсытэты, разьмешчаныя ўпоблізь зь Беларусяй.

Стыпэндыі пакрыюць выдаткі на навучаньне і пражываньне (уключаючы сацыяльнае страхаваньне і разьмяшчэньне). Студэнты будуць абірацца экспэртнай групай, падпарадкаванай Радзе міністраў Паўночных краін. Стыпэндыі будуць вылучацца студэнтам, якія былі прынятыя ва ўнівэрсытэт за мяжой і якія даказалі, што яны ня могуць вучыцца ў Беларусі.

Рада міністраў Паўночных краін была створана ў 1971 г. як форум дзеля супрацы ўрадаў Паўночных краін. У яе ўваходзяць пяць краін: Данія, Ісьляндыя, Швэцыя, Нарвэгія і Фінляндыя, а таксама тры аўтаномныя тэрыторыі: Фарэрскія выспы, Аляндзкія выспы і Грэнляндыя.

Па дадатковую інфармацыю аб узаемінах ЭЗ і Беларусі заходзьце на сайт ec.europa.eu.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?