Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску пачынаецца суд над актывістам кампаніі «Гавары праўду» Міхасём Башурам, якога падазраюць у падробцы дакумэнтаў. Яму пагражае да 5 гадоў абмежаваньня волі.

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, яе падабаронны Міхась Башура да суду падрыхтаваўся. Вінаватым сябе Башура па-ранейшаму не прызнае. Адвакат згодна са сваім падабаронным, які кажа пра памылку пры падліках прыбыткаў, каб атрымаць крэдыт у банку. Сьледзтва аднак мяркуе, што мела мейсца наўмыснае ўвядзеньне ў зман крэдытнай установы.

«Башура кажа, што ён памыліўся, і з гэтым можна пагадзіцца. Бо рэальна гэтак, што чым меней быў бы заробак паказаны ў даведцы, было б лепей. А ў яго паказаны большы заробак. І ў другой даведцы памер заробку фактычна ні на што не ўплываў. Таму можна казаць пра памылку, і я гэта буду рабіць».

Тамара Сідарэнка бачылася з Міхасём Башурам 8 кастрычніка. Паводле адваката, на ўмовы ўтрыманьня Міхась Башура ня скардзіўся. Два тыдні таму Башуру перавялі з Жодзінскага ізалятару ў Менскі сьледчы ізалятар на Валадарскага і зьмясьцілі ў камэру, дзе разам зь ім знаходзіцца 26 вязьняў. З-за таго, што спальных месцаў у камэры удвая меней, сьпяць людзі па чарзе, паведамляў Міхась Башура.

У грамадзкай кампаніі «Гавары праўду», актывістам якой быў да арышту Міхась Башура, заяўляюць пра палітычныя прычыны перасьледу аднадумцы.

Прэс-сакратар «Гавары праўду» Юлія Рымашэўская кажа пра падтрымку, якую Башуру акажуць калегі.

«Прадстаўнікі кампаніі будуць на судзе. Суд плянуецца ў панядзелак, а 14.30 у судзе Савецкага раёну і натуральна мяркуем там быць і яго падтрымаць».

Пад арыштам Міхась Башура знаходзіцца з 8 жніўня. Вядома, што доўгі час вязьню не дазвалялі спатканьняў са сваякамі. Міхась Башура піша вершы, нядаўна выйшаў у сьвет ягоны паэтычны зборнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?