Суд Маскоўскага раёна Брэста 9 лістапада вынес прыгавор 25-гадоваму мясцоваму жыхару за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Менеджар па продажу аднаго з брэсцкіх прадпрыемстваў быў затрыманы 16 жніўня гэтага года ў абласным цэнтры п’яным за рулём «Мазды».

Як паведаміў памочнік пракурора Маскоўскага раёна Брэста Эдуард Пашкевіч, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па гэтай справе, суд прызнаў маладога чалавека вінаватым на падставе ч. 2 арт. 317–1 Крымінальнага кодэкса (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення) і прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў.

Прадстаўнік пракуратуры ўдакладніў, што гэта трэцяе прыцягненне да крымінальнай адказнасці маладога чалавека на падставе такога ж артыкула КК. У 2009 годзе суд прыгаварыў яго да папраўчых работ на два гады, 20 ліпеня 2010 года — да года і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

На працягу апошніх двух гадоў малады чалавек больш за 20 разоў быў затрыманы за парушэнне правіл дарожнага руху, у тым ліку пяць разоў — за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.

Прысуд, вынесены яму 9 лістапада, яшчэ не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.

«У Маскоўскім раёне Брэста ўпершыню грамадзянін тройчы прыцягваецца да крымінальнай адказнасці за знаходжанне за рулём у нецвярозым стане», — адзначыў Пашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?