Цырымонія была кароткай, Лукашэнка — хворым.

21 студзеня у Палацы Рэспублікі адбылася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Тэлетрансляцыя пачалася, а 12.50. ТВ паказвала, як картэж праехаў пустыннымі вуліцамі Мінска. Ніхто не махаў машыне, не вітаў яе.

Аляксандр Лукашэнка выйшаў з прэзідэнцкага лімузіна разам з Колем. Пасля ён, ужо сам адзін, прайшоў у залу Палаца Рэспублікі. Пасля ўносу прэзідэнцкага штандара і кароткага ўступнага слова Лідзіі Ярмошынай — пафарбаванай у бландзінку — Аляксандр Лукашэнка прамовіў словы прысягі.

Ён прагаварыў іх па-беларуску. Голас быў моцна ахрыплы. Імаверна, Лукашэнка прастылы. Загучаў дзяржаўны гімн Беларусі.

У час яго выканання адзіным, хто варушыў вуснамі, быў Уладзімір Макей.

Пасля гэтага слова ўзяў старшыня савета рэспублікі Анатоль Рубінаў. «Вы былі выбраны на гэтую пасаду ў выніку чэсных, дэмакратычных, свабодных выбараў, — пранікнёна сказаў ён. — Ніколі яшчэ Беларусь не развівалася так імкліва, як у гады Вашага прэзідэнцтва».

Пасля Рубінава слова далі мітрапаліту Філарэту. Ён назваў Аляксандра Лукашэнку «досточтімым». Ён сказаў, што з Лукашэнкам звязваюць свае надзеі грамадзяне Беларусі і высока ацаніў ягоныя заслугі як дзяржаўнага лідара.

Акрамя 2500 гасцей з Беларусі — ад Яфрэма Сакалова да Наталлі Пяткевіч — за цырымоніяй уступлення Лукашэнкі ў чарговы прэзідэнцкі тэрмін назіралі замежнікі. Сярод іх былі 32 кіраўнікі замежных афіцыйных прадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый.

Разам з тым, шэраг паслоў вядучых краін адмовіліся удзельнічаць у цырымоніі інаўгурацыі Лукашэнкі па палітычных матывах. Сярод іх усе прадстаўнікі краін-удзельніц ЕС, прадстаўнік ЗША і нават пасол Украіны.

Гэта не зашкодзіла Лукашэнку ў сваёй прамове заявіць, што, як ён даведаўся ўчора, што «еўрапейцы ужо не маюць прэтэнзій да нашых выбараў». А таксама зазначыў, што ніякія «Майданы і Плошчы нашаму грамадству не пагражаюць».

Кіраўнік краіны нагадаў, што ў сярэдзіне дзевяностых «свядомыя дэмакраты давялі краіну да ручкі». «Мы не далі разваліць краіну… Дзякуючы нашай палітыцы ў краіне няма алігархаў і беспрацоўя. Мы стараемся працаваць яшчэ лепш», — паведаміў прэзідэнт.

Лукашэнка падзякаваў ураду Сідорскага за праробленую працу, аднак сказаў, што новы час патрабуе новых падыходаў. «Наша стратэгічная мэта — вывесці Беларусь у перадавікі прамысловасці і тэхналогій», — сказаў Лукашэнка.

Пасля кароткай прамовы Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі пачаўся музычны канцэрт. Лукашэнка слухаў яго са сваёй ложы, дзе сядзеў разам з Колем, пахмурны.

Першым выступіў хор з урачыстай, але малазапамінальнай песняй. Эстафету прынялі «Песняры» з класічнай «Жураўлі на Палессе ляцяць». Трэці нумар канцэрту адкрыўся чытаннем верша Караткевіча «На Беларусі Бог жыве». Пасля Караткевіча загучаў «Паланэз» Агінскага, пакладзены на расійскі тэкст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?