Падчас візіту ў Мінск намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Томас Меліа 23 студзеня наведаў нядзельнае служэнне мінскай поўнаевангельскай царквы «Новае жыццё»,

паведаміў юрыст абшчыны Сяргей Луканін.

«У вас ёсць будучыня», — прывёў словы Меліа Луканін.

Паводле слоў юрыста, прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША, якога суправаджаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, у гутарцы са старшым пастарам абшчыны Вячаславам Ганчарэнкам дэталёва цікавіўся сітуацыяй вакол царквы і заявіў, што знаходзіцца ў Мінску па даручэнні дзяржсакратара Хілары Клінтан, якая ўважліва адсочвае сітуацыю ў Беларусі, асабліва пасля падзей 19 снежня на сталічнай плошчы Незалежнасці.

Амерыканскі дыпламат зазначыў, што наведванне ім царквы з’яўляецца выказваннем пазіцыі ўлад ЗША па падтрымцы вернікаў, якія «паказваюць узор таго, як трэба адстойваць сваё права на веру».

Меліа выказаў надзею, што ў Беларусі надыдзе час, калі людзі змогуць свабодна наведваць любыя цэрквы і свабода сумлення будзе не толькі дэкларавацца, але стане рэальнасцю.

«Калі я зайшоў у вашу царкву, я нібыта апынуўся ў сваім дзяцінстве, — сказаў амерыканскі дыпламат. — Я ўспомніў, як мы з бацькамі хадзілі ў рымска-каталіцкую царкву, якая размяшчалася ў будынку закінутага магазіна на ўскраіне горада, побач з таварнай чыгуначнай станцыяй. Нашаму святару даводзілася спыняць богаслужэнне, калі міма праходзіў цягнік. Бацька з дзяцінства вучыў мяне, што ўсе хрысціяне, незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці, з’яўляюцца братамі і сёстрамі».

Развітваючыся з прыхаджанамі, Меліа заявіў, што атрымаў зарад станоўчай энергіі, быў вельмі ўражаны ўбачаным, асабліва вялікай колькасцю дзяцей ў нядзельнай школе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?