Прынятыя Еўрасаюзам 31 студзеня санкцыі павінны стаць «моцным пасланнем для беларускага кіраўніцтва аб тым, што палітыка рэпрэсій павінна быць спынена», заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі ў Бруселі 31 студзеня.

Ён паведаміў, што тэлефанаваў свайму беларускаму калегу Сяргею Мартынаву і спадзяваўся пачуць, што затрыманыя неўзабаве будуць вызваленыя, аднак той «не паабяцаў гэтага».

Паводле слоў Сікорскага, міністры замежных спраў краін ЕС падтрымалі планы Польшчы па правядзенні канферэнцыі па Беларусі ў лютым у Варшаве і выказалі гатоўнасць накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў. Свой удзел пацвердзіў еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле.

«Палітыка ЕС, як і палітыка Польшчы, працягнецца ў двух кірунках: мы не закрываем дзверы для дыялогу з беларускімі ўладамі і будзем падтрымліваць беларускае грамадства ў яго імкненні жыць у вольнай, дэмакратычнай краіне», — заявіў кіраўнік польскай дыпламатыі. На варшаўскай канферэнцыі беларусы дапамогуць міжнароднай супольнасці знайсці лепшыя шляхі для падтрымкі гэтых імкненняў, лічыць ён.

Сікорскі паведаміў, што захады Мінска па вызваленні асобных зняволеных былі толькі згаданыя міністрамі на сустрэчы, бо ўмовай ЕС застаецца поўнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітзняволеных.

Эканамічныя санкцыі не былі ўведзеныя, бо, паводле слоў Сікорскага, па-першае, міністры краін ЕС «не змаглі б прыйсці да кансэнсусу па гэтым пытанні», а па-другое, неабходна ўлічваць негатыўныя наступствы такіх санкцый для станаўлення сярэдняга класа ў Беларусі.

Каментуючы адсутнасць у спісе неўязных беларускіх чыноўнікаў кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава, Сікорскі адзначыў, што ЕС «не мае намеру праводзіць палітыку ізаляцыі ў дачыненні да Беларусі, а якраз наадварот, галоўная мэта — вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю».

«Беларусі неабходна дэмакратычная альтэрнатыва. Мы, палякі, ведаем, што поспех трансфармацый залежыць ад гатоўнасці кампетэнтнай альтэрнатыўнай эліты ўзяць на сябе кіраванне краінай, калі час дыктатуры падыходзіць да канца», — сказаў Сікорскі.

Паводле слоў кіраўніка МЗС Польшчы, разглядаецца магчымасць заснаваць еўрапейскі фонд для падтрымкі і прапаганды дэмакратыі ў краінах-суседзях. «Палякі не толькі ўмеюць гэта рабіць, але і маюць кадры, якія сваім жыццём даказалі, што гэта магчыма і нават з вялікім поспехам», — заявіў міністр.

Адказваючы на пытанне, якое разуменне Еўрасаюзам прычын, што прывялі да жорсткай рэакцыі на дэманстрацыю 19 снежня, Сікорскі адзначыў, што «ход думак Лукашэнкі часам зразумець цяжка». Паводле яго меркавання, беларускі кіраўнік зразумеў, што прайграў выбары». «Пераможцы не ўбіраюць сваіх апанентаў у турму», — сказаў ён і заявіў, што яшчэ «не сустрэў чалавека, які б верыў у тое, што беларускі прэзідэнт быў пераабраны, набраўшы 80% галасоў». «Адрозніваюцца толькі меркаванні аб тым, наколькі вынік быў сфальсіфікаваны — на 30% ці 40%», — адзначыў Сікорскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?