На аптэчных складах прадпрыемства «Фармацыя» і ў рознічнай аптэчнай сетцы ёсць поўны асартымент супрацьвірусных, гарачкапаніжальных, супрацьзапаленчых сродкаў, імунамадулятараў і антыбіётыкаў.

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 7 лютага ў Мінску заявіў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Алег Арнаутаў.

Паводле яго слоў, наяўныя запасы лекавых сродкаў здольныя забяспечыць дзвюх-трохмесячную патрэбу ў іх насельніцтва нават у разліку на эпідэмію, аналагічную сезону 2009/2010 гадоў. Запас некаторых антыбактэрыяльных сродкаў разлічаны на пяць і больш месяцаў, адзначыў Арнаутаў.

Ён таксама дадаў, што ва ўстановах аховы здароўя «створаны незніжальны запас супрацьвірусных, антыбактэрыяльных, імунамадэліруючых прэпаратаў, інфузійных раствораў для лячэння пацыентаў з рэспіраторна-віруснымі інфекцыямі». Для іх «дадаткова закуплена неабходная колькасць абсталявання для лячэння ўскладненняў грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый».

Як паведаміў Арнаутаў, ва ўстановах аховы здароўя распрацаваны план па фарміраванні рэзерву ложкавага фонду, перапрафіляванні ложкаў з магчымым разгортваннем палат інтэнсіўнай тэрапіі. У паліклініках, паводле яго слоў, «прадугледжаны асобныя кабінеты з дадатковымі ўваходамі-выхадамі, магчымасць максімальнага абмежавання правядзення ў паліклініках прыёму здаровых асоб у перыяд захворвання».

На мінулым тыдні, паводле інфармацыі Арнаутава, было праведзена каля 500 праверак ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах на прадмет выканання рэкамендаваных супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Галоўны санітарны ўрач паведаміў, што ў цэлым гэтыя мерапрыемствы выконваюцца — парушэнні былі зафіксаваны толькі ў 2–3% правераных устаноў.

Нагадаем, цяпер сітуацыя з захворваннем на вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ) ацэньваецца медыкамі як «сезонны ўздым сярэдняй ступені інтэнсіўнасці». На мінулым тыдні ў Беларусі была зарэгістравана 121 тыс. выпадкаў захворванняў на ВРІ і грып, пры гэтым у 18% пацыентаў сімптаматыка захворвання не выключае грыпу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?