Абнародаванне спісу беларускіх чыноўнікаў, каторых з вядомых прычынах не жадаюць бачыць на тэрыторыі Еўрасаюза, выклікала багата каментароў у апазіцыйным асяродку. Большасць з іх перапоўнена зларадным трыумфам, у лепшым выпадку — з’едлівай іроніяй, што, увогуле, можна зразумець.

Куды нечаканейшая рэакцыя саміх чыноўнікаў, у тым ліку той іх часткі, якая ганарліва называе сябе журналістамі. «Гэта фактычна не толькі расправа з іншадумнымі журналістамі, але і забарона на прафесію», — так ад імя згаданай часткі пракаментаваў падзею сп-р Праляскоўскі, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. І працягнуў: «Складальнікі спіса ў Бруселі забылі пра ключавы, падставовы прынцып дэмакратыі — свабоду слова», іх рашэнне з’яўляецца найгоршым узорам савецкай прапаганды, што ўзводзіць жалезную заслону вакол еўрапейскіх дзяржаў».

«Расправа», «забарона», «свабода слова», «залежная заслона», «іншадумства»

— усё гэта ўзятае з дысідэнцкага, антысавецкага і антыкамуністычнага, калі згадаць нядаўнія часы, а цяпер з апазіцыйнага лексікону.

Альбо, скажам, «расстрэльныя спісы» — плод пераўзбуджанай фантазіі сп-ні Ярмошынай, для якой бяскрыўднае, хоць неяк узываючае да інтэлекту пытанне вядучага праграмы «Выбар» Сяргея Дарафеева аказалася страшнейшай за кулю…

Ну, і дзе цяпер журналіст Дарафееў? Дзе праграма «Выбар»?

Дзе журналістка Ірына Халіп?

Дзе журналістка Наталля Радзіна?

Дзе паэт Уладзімір Някляеў?

Дзе філолаг і публіцыст Аляксандр Фядута?

Дзе яны, спадар Праляскоўскі? За якой «жалезнай заслонай»?

Дзе, урэшце, Алесь Ляўчук, смелы юнак з газеты «Знамя юнасці», які не пажадаў выконваць палітычныя разнарадкі «іншадумаючых» рэдакцыйцных ідэолагаў? Калісьці вольнадумаючых журналістаў гэтай слаўнай калісьці газеты называлі «знамяюнакамі» і «знамядзяўчатамі». Я рады, што хаця б адзін «знамяюнак» знайшоўся і цяпер…

Дык хто, урэшце, трапіў пад «расстрэл»?

Хто «жалезам па шкле» надрапаў гэтыя спісы?

Хто «іншадумаючы» склаў іх, унушаючы лёгкаверным чытачам і гледачам ідыёцкія фантазіі аб змовах і пераваротах?

Адказ зразумелы. Але ўзнікае пытанне: з чаго б?

З чаго б сп-ру Праляскоўскаму ўбірацца ў дысідэнцкую апазіцыйную тогу?

З чаго б сп-ні Ярмошынай прыкідвацца ахвярай «еўрапейскага таталітарызму»?

Можна ўсё спісаць на істэрыку. Альбо на хваравітую цягу да публічнага расчэсвання атрыманых ранаў. Альбо на невыкараняльную звычку да цынічнага палітычнага ліцадзейства. Альбо на ўсё гэта разам узятае…

Насамрэч жа, на маю думку, у істэрыцы згаданых да іх падобных асобаў хаваецца яшчэ адна, парадаксальная, а для іх і зусім непажаданая асаблівасць: прызнанне маральнай перавагі апазіцыі. І той, каторая гніла на Калыме, і той, каторую кінулі зараз у беларускія турмы альбо, паводле савета Ярмошынай, загналі на кухні «варыць боршч».

Я не рызыкну сцвярджаць, што ўсе апазіцыянеры — суцэльна і безумоўна высокамаральныя людзі. Але апазіцыйныя пастулаты, на каторыя спрабуюць абаперціся Праляскоўскі і іжа з ім, гістарычна растуць з прынцыпаў высокай маралі. Бо за кожным з іх — супраціў дыктатарству ва ўсіх ягоных абліччах, а значыць, і ахвярнасць на шляху да свабоды і праўды. Гэта ў дэмакратычнай дзяржаўнай сістэме апазіцыя адчувае сябе запатрабавана, прадуктыўна і жыццёўладкавана. У лукашэнкаўскай жа «дэмакратыі» без ахвярнасці, хай у розных відах і ў рознай ступені, не зрабіць ні кроку на тым шляху…

Вось і спрабуюць чыноўнікі і прапагандысты, пазбаўленыя магчымасці «патусавацца» на еўрапейскіх форумах і курортах, прыкінуцца пацярпеўшымі за «іншадумства», «свабоду слова», за прыхільнасць да «ключавых, падставовых» прынцыпаў дэмакратыі, знайсці нейкую маральную кропку апоры.

Несумленная спроба. Неразумная да таго ж. і безнадзейная. Таму што ні ў прыўладнай, ні ў праўладнай багне такой кропкі апоры няма і не можа быць. Хіба толькі купіна. Ды і тая сыходзіць з-пад ног, хлюпае жыжай, тоне ў бяздонным брудзе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?