Пасля выбухаў, што прагрымеў у аўторак у другім і чацвёртым энергаблоках японскай АЭС «Фукусіма-1», рэзка падскочыў узровень радыяцыі ў раёне атамнай станцыі. Ён перавышае гадавую норму ў 400 разоў,
адзначае BBC. Перавышэнне радыяцыйнага ўзроўню адзначаецца ў шэрагу прэфектур і ў Токіа, хоць у сталіцы яны не такія значныя. Уладам даводзіцца ісці на скрайнія меры: яны прызнаюць, што ў раёне АЭС радыяцыя пачала рабіць негатыўнае ўздзеянне на здароўе людзей.

Каля трэцяга энергаблока аварыйнай АЭС, на якім напярэдадні адбыліся два выбухі вадароду, узровень радыяцыі складае 400 мілізівертаў у гадзіну, а гэта ўжо небяспечна для здароўя, паведаміў генеральны сакратар урада Японіі Юкіа Эдана ў аўторак на прэс-канферэнцыі. «Паміж другім і трэцім блокам радыяцыя склала 30 мілізівертаў. Каля трэцяга блока — 400 мілізівертаў. Каля чацвёртага — 100 мілізівертаў», — сказаў ён.

Генеральны сакратар звярнуўся да эвакуяваных жыхароў 20-кіламетровай зоны з просьбай не вяртацца ў свае дамы.

Тых, хто пражывае ў радыусе ад 20 да 30 кіламетраў ад станцыі, ён заклікаў не выходзіць на вуліцу, зачыніць вокны і дзверы, не карыстацца кандыцыянерамі. Да цяперашняга часу эвакуацыя людзей у радыусе 20 км ад аварыйнай станцыі завершаная, паведамляе паліцыя прэфектуры Фукусіма.

Акрамя таго, вакол аварыйнай АЭС урад акрэсліў зону, закрытую для палётаў, радыусам 30 км. Для кантролю над сітуацыяй улады Японіі і дырэкцыя Такійскай энергакампаніі (Tokyo Electric Power Co) стварылі аб’яднаны каардынацыйны штаб. Яго ўзначаліў прэм’ер-міністр Наота Кан. У штаб увайшоў таксама міністр эканомікі, прамысловасці і гандлю Банры Каіэда.

Прэм’ер-міністр прызнаў на прэс-канферэнцыі, што небяспека далейшай уцечкі радыяцыі з АЭС пастаянна расце, аднак прасіў насельніцтва не панікаваць. Ён таксама асабліва адзначыў мужнасць работнікаў атамнай станцыі, якія, рызыкуючы жыццём, працягваюць падаваць ваду ў рэактар і астуджаць яго. Як перадае Reuters, спецыялістам удалося ўжо знізіць ціск у другім рэактары пасля выбуху.

Як стала вядома ў аўторак, экіпаж верталёта і група супрацоўнікаў пажарнага ўпраўлення Японіі, якія ўдзельнічалі ў выратавальных аперацыях у раёне аварыйных АЭС, атрымалі дозу апраменьвання. Пра гэта паведамілі ў пажарнай частцы горада Фукуока, якая раней накіравала верталёт у раён бедства.

«Шэсць ратавальнікаў, уключаючы экіпаж верталёта, атрымалі невялікія дозы апраменьвання падчас палёту над горадам Івакі (прэфектура Фукусіма), — адзначылі ў пажарнай службе. — Небяспечнага ўздзеяння для іх здароўя няма».

Выбух на другім энергаблоку пашкодзіў кантэйнер з рэактарам

Між тым у энергакампаніі — аператары атамнай станцыі TEPCO адзначаюць, што цяперашняя сітуацыя можа выклікаць крытычнае расплаўленне паліўных элементаў у ядзерных рэактарах, бо выбух на другім энергаблоку «Фукусімы-1» пашкодзіў кантэйнер, у якім знаходзіцца рэактар.

Спецыялісты працягваюць астуджаць рэактар марской вадой і спрабуюць перадухіліць далейшае разбурэнне кантэйнера.

Па словах прадстаўніка кампаніі, верагоднасць поўнага расплаўлення паліўных элементаў, то бок іх разбурэння, нельга выключаць, бо яны ўжо часткова пашкоджаныя, паведамляе японскае інфармагенцтва Kyodo.

Зрэшты, пакуль эксперты сцвярджаюць, што «другога Чарнобыля» не будзе. Сітуацыя на «Фукусіме-1» складанейшая, чым на амерыканскай АЭС Тры-Майл-Айлэнд у 1979 годзе, але менш крытычная, чым у выпадку з Чарнобылем, лічаць у МАГАТЭ, піша The Daily Telegraph.

Радыяцыя распаўсюджваецца ў суседнія з АЭС прэфектуры і дакацілася да Токіа

У прэфектуры Ібаракі, размешчанай на поўдзень ад прэфектуры Фукусіма, дзе знаходзіцца аварыйная АЭС, узровень радыяцыі ў 100 разоў вышэйшы за норму. У Канагаве на паўднёвы захад ад Токіа выяўленае перавышэнне радыяцыйнага ўзроўню ў дзевяць разоў. У горадзе Маэбасі, які знаходзіцца за 100 км на поўнач ад Токіа ў прэфектуры Гума, узровень радыяцыі перавышаны ў 10 разоў.

Улады японскай сталіцы паведамілі таксама, што ў самім Токіа выяўленая невялікая канцэнтрацыя ў паветры радыеактыўных рэчываў, такіх як ёд і цэзій. Ізатопы цэзію і ёду, мяркуючы па ўсім, прынесеныя паўночным ветрам, які дзьме з боку аварыйнай АЭС «Фукусіма-1», дзе адбываецца выкід радыяцыі ў небяспечных для чалавека памерах. Атамная станцыя знаходзіцца за 240 км на поўнач ад Токіа.

У суседняй з Токіа прэфектуры Сайтама адзначанае невялікае павышэнне ўзроўню радыяцыі. Пра гэта абвясцілі сёння ўлады прэфектуры. «Па дадзеных на 11:00 мясцовага часу (04:00 мінскага), узровень радыяцыі ў паветры горада Сайтама перавысіў звычайны ўзровень амаль у 40 разоў і склаў 1222 наназіверты ў гадзіну», — удакладніла адміністрацыя прэфектуры.

Радыеактыўны фон у суседняй з Токіа прэфектуры Ціба перавышае нармальны ў 2–4 разы. Перавышэнне ўзроўню радыяцыі ў 33 разы ў параўнанні з нармальным зафіксаванае ў прэфектуры Татыгі. Паказчык складае 1318 мікразівертаў у гадзіну.

Грамадскае тэлебачанне NHK перадае ў эфіры рэкамендацыі аб тым, як паводзіць сябе ва ўмовах небяспекі ядзернага заражэння. ТБ раіць як мага радзей выходзіць з дому, па магчымасці не карыстацца кандыцыянерам і заклікае насельніцтва захоўваць максімальны спакой.

Павышаную радыяцыю нясуць цвёрдыя драбнюткія часцінкі, у тым ліку пыл,
тлумачаць эксперты. Таму цяпер лепш за ўсё без асаблівай неабходнасці не пакідаць дома і офіса, а таксама адключыць кандыцыянеры, якія запампоўваюць паветра з вуліцы.

Вельмі небяспечна, папярэджвае тэлебачанне, траплянне радыеактыўных часцінак у арганізм разам з дыханнем. Таму на вуліцы раяць надзяваць марлевую маску або закрываць рот і нос змочанай у вадзе тканінай.

Тэлебачанне рэкамендуе нічога не есці на вуліцы, не піць вадаправоднай вады. Пажадана насіць адзенне з рукавамі, яшчэ лепш апранаць на вуліцы ў любое надвор’е лёгкі дажджавік з капюшонам. Аднак пры гэтым вельмі небяспечна трапіць пад рэальны дождж і прамокнуць. Пасля прыходу дадому рэкамендуюць прымаць душ і мыць галаву.

Аднак японцы, мяркуючы па ўсім, не вераць уладам і здзіўляюцца з нагоды іх парадаў. «Гэта падобна да фільму жахаў. Нашыя будынкі разбураныя, а яны кажуць нам заставацца дома», — заявіў Кіёка Намбу, чый дом быў змыты цунамі. Ён таксама дадаў, што ніхто не разумее, што адбываецца насамрэч: «Мы можам убачыць разбураныя дамы, але як мы заўважым радыяцыю? Мы не ведаем, што адбываецца. Мне вельмі страшна».

Сталічны мегаполіс ахапіла паніка: адны бягуць з горада, іншыя робяць запасы

Пасля паведамленняў аб павышэнні радыяцыйнага ўзроўню ў Токіа пачалася паніка. Людзі спрабуюць альбо як мага хутчэй з’ехаць з горада ў больш бяспечныя рэгіёны, альбо робяць запасы на выпадак, каб не выходзіць з дому. У некаторых крамах ужо скончыліся радыёпрымачы, свечкі, каністры і спальныя мяшкі.

Шэраг пасольстваў параіў сваім супрацоўнікам, а таксама грамадзянам сваіх дзяржаваў пакінуць патэнцыйна небяспечныя тэрыторыі, турыстам перапыніць адпачынак,

а міжнародныя карпарацыі альбо заклікалі сваіх супрацоўнікаў з’ехаць з горада, альбо заявілі аб планах пераехаць з такійскіх офісаў у больш бяспечныя месцы, перадае Reuters.

Некаторыя замежныя журналісты, якія асвятлялі падзеі ў найбольш пацярпелым ад цунамі рэгіёне вакол горада Сэндай, пакідаюць гэтыя тэрыторыі.

Між тым гарадскія ўлады спрабуюць супакоіць жыхароў. «Павышэнне фону не стварае праблемы», — заявіў прадстаўнік адміністрацыі Токіа. Сцвярджаецца, што і сітуацыя ў прэфектурах Сайтама і Канагава, якія прымыкаюць да японскай сталіцы адпаведна з поўначы і паўднёвага захаду і дзе перавышаны ўзровень радыяцыі, таксама не ўяўляе небяспекі.

З японскай метэаралагічнай службы ў той жа час прыходзяць несуцяшальныя паведамленні. Паводле дадзеных сіноптыкаў, вецер пераносіць радыеактыўныя элементы ў паўднёва-заходнім кірунку ад аварыйных АЭС у Фукусіме, гэта значыць, у бок Токіа. Пакуль хуткасць ветру малая — усяго 2–3 м/с, але яна будзе павышацца і да серады дасягне 3–5 м/с. Затым кірунак ветру павінен змяніцца: вецер з хуткасцю 5–12 м/с будзе дзьмуць на ўсход і выносіць паветраныя масы ад АЭС у бок Ціхага акіяна.

Расце колькасць загінулых: моргі не спраўляюцца. У бальніцах заканчваюцца лекі

Між тым пастаянна абнаўляецца інфармацыя аб колькасці загінулых і зніклых без вестак. Па апошніх дадзеных паліцыі, ахвярамі землетрусу і цунамі сталі 2475 чалавек. 3611 чалавек лічацца зніклымі без вестак. Пры гэтым толькі 1 060 апазнаныя. З іх каля 420 целаў змаглі вярнуць сваякам.

Мяркуецца, што тысячы тых, хто выжыў, апынуліся адрэзанымі ад вонкавага свету і не могуць знайсці прытулак. Так, каля 1,3 тысячы чалавек былі знойдзеныя жывымі на востраве Ашыма, паводле паведамленняў мясцовых СМІ.

Каля 7–8 тысяч чалавек, па папярэдніх падліках, схаваліся ў будынках школ, аднак не могуць атрымаць дапамогу. Па некаторых дадзеных, больш за 500 тысяч чалавек пазбавіліся сваіх дамоў.

У бальніцах заканчваюцца лекі, і медыкі не могуць аказаць неабходную дапамогу цяжка параненым. А колькасць загінулых пастаянна расце, і моргі ўжо не спраўляюцца, не хапае трунаў.
Меры планавай эканоміі электраэнергіі прыводзяць да перыядычнага адключэння электрычнасці. У выніку працаўнікі моргаў не могуць падрыхтаваць дастаткова лёду, каб абкласці ім трупы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?