У канцы тыдня ў Беларусі прыкметна пацяплее, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава. Нядзельным днём 3 красавіка на поўдні краіны паветра прагрэецца да 18 градусаў цяпла.

Аднак апошнія дні сакавіка Беларусь яшчэ застанецца ва ўладзе даволі халаднаватых паветраных мас, што прыйдуць з паўночнага захаду Еўропы. Гэтай ноччу атмасферны фронт, які перамяшчаецца з Балтыйскага мора, абумовіць месцамі па рэспубліцы кароткачасовыя ападкі, у асноўным у выглядзе снегу.

У аўторак удзень невялікія ападкі прагназуюцца толькі ў асобных раёнах Гомельскай вобласці. Падзьме заходні ўмераны вецер. У начныя гадзіны асобныя ўчасткі дарог стануць слізкімі. Тэмпература паветра ў ноч на 29 сакавіка панізіцца да нуля — 7 градусаў марозу. Удзень паветра прагрэецца да 2–7 градусаў цяпла, па захадзе краіны — да 9 градусаў вышэй за нуль.

У сераду, 30 сакавіка, чарговая порцыя вільготнага паветра з Атлантыкі дасягне межаў Беларусі, па паўночнай палове краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У паўночных раёнах падзьме парывісты заходні вецер. Пры гэтым тэмпературны фон істотна не зменіцца: удзень тэрмометры пакажуць плюс 2–9 градусаў,

а па паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці паветра можа прагрэцца да плюс 13 градусаў.

У апошні дзень сакавіка непрацяглыя ападкі чакаюцца пераважна ў паўднёва-заходніх раёнах краіны, у асноўным у выглядзе дажджу. У ноч на чацвер чакаецца ад 5 градусаў марозу па паўночным усходзе да 2 градусаў цяпла па паўднёвым захадзе. Удзень 31 сакавіка паветра прагрэецца да 3–10 градусаў цяпла, у Брэсцкай вобласці чакаецца да плюс 15 градусаў.

Паводле папярэдніх разлікаў, у канцы тыдня пацяплее. На тэрыторыю Беларусі накіруюцца паветраныя масы з Заходняй Еўропы.

У пятніцу, 1 красавіка, і ў суботу, 2 красавіка, месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Мінімальная тэмпература паветра ў ноч на 1 красавіка будзе вагацца ад мінус 4 да плюс 3 градусаў,

у дзённыя гадзіны чакаецца ад 7 да 13 градусаў цяпла, у Брэсцкай вобласці паветра прагрэецца да 16 градусаў вышэй за нуль.

Істотна не зменіцца тэмпературны рэжым і ў суботу, 2 красавіка. У дзённыя гадзіны тэрмометры пакажуць плюс 8–14 градусаў, у Брэсцкай вобласці паветра прагрэецца да плюс 16 градусаў.

Самым цёплым днём тыдня абяцае быць нядзеля, 3 красавіка. Аднак пераважна ў паўночна-заходніх раёнах рэспублікі чакаецца кароткачасовы дождж. Тэмпература паветра ў ноч на нядзелю складзе 1–8 градусаў цяпла,

удзень паветра прагрэецца да плюс 9–15 градусаў, у Брэсцкай вобласці — да плюс 18 градусаў.

Такі тэмпературны фон, які чакаецца ў нядзелю, на 2–7 градусаў будзе цяплейшы за звычайны для пачатку красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?