Злоўжыванне антыбіётыкамі прыводзіць да таго, што хваробы робяцца практычна невылечнымі, лічыць Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

У Беларусі неабходна наладзіць эфектыўную сістэму кантролю за ўжываннем антыбактэрыяльных прэпаратаў. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі кіраўнік краінавага бюро СААЗ Ягор Зайцаў.

Паводле яго словаў, для нашай краіны ўсё больш актуальнай робіцца праблема лекавай устойлівасці узбуджальнікаў многіх хваробаў. Узнікае яна праз тое, што антыбіётыкі ўжываюцца ў завялікай колькасці, тады, калі яны не патрэбныя ці з парушэннем схемы лячэння.

У выніку бактэрыі, грыбкі, вірусы ці паразіты «навучаюцца» суіснаваць з лекамі і робяцца практычна неадчувальнымі для стандартных схемаў лячэння.

Выкліканыя імі хваробы цягнуцца вельмі доўга, лечацца з вялікай цяжкасцю і вельмі часта прыводзяць да смерці пацыента. Так, нават звычайная лёгачная інфекцыя можа стаць прычынай смерці дзіцяці або старога, калі яе ўзбуджальнік раней ужо «пазнаёміўся» з антыбіётыкамі.

Усё больш цяжкімі і небяспечнымі робяцца ўнутрыбальнічныя інфекцыі. У краінах Еўрасаюза з гэтай прычыны штогод памірае каля 25 тысяч чалавек.

Па Беларусі, дзе такі маніторынг не вядзецца, статыстычных дадзеных пра такія выпадкі няма. Аднак прадстаўнік СААЗ лічыць, што гаворка ідзе пра не менш сур’ёзныя лічбы.

Паводле яго словаў, для таго, каб преадухіліць далейшае пагаршэнне сітуацыі, неабходна распрацаваць нацыянальны план дзеянняў па барацьбе з устойлівасцю да супрацьмікробных прэпаратаў.

Адной з яго галоўных задач з’яўляецца ўвядзенне жорсткага кантролю над спажываннем антыбіётыкаў насельніцтвам. Практыка ЕС паказала, што ў краінах, дзе антыбіётыкі прадаюцца строга па рэцэпце, устойлівасць да іх развіваецца не такімі хуткімі тэмпамі, як у месцах, дзе іх можа вольна набыць любы чалавек.

На думку СААЗ, неабходна таксама павысіць адказнасць медыкаў у пытанні выкарыстання антыбіётыкаў.
Па словах Зайцава, многія з іх прызначаюць супрацьбактэрыяльныя прэпараты «па звычцы» і «на ўсякі выпадак», не разабраўшыся толкам у прыродзе інфекцыі.

Прызначаныя прэпараты трэба прымаць па строга вызначанай схеме і абавязкова даводзіць лячэнне да канца.

Вялізнай задачай пры вырашэнні праблемы ўстойлівасці прэпаратаў з’яўляецца рэгуляванне выкарыстання антыбіётыкаў у аграхарчовай прамысловасці: у жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі і свінагадоўлі. У гэтых сферах прэпараты нярэдка выкарыстоўваюцца не толькі для лячэння хворых жывёл, але і для прафілактыкі і стымулявання росту. Паводле некаторых ацэнак, па вазе ў арганізм жывёл і рыб уводзіцца прынамсі ў тысячу разоў больш антыбіётыкаў у абсалютным выражэнні, чым выкарыстоўваецца людзьмі.

У краінах ЕС выкарыстанне антыбіётыкаў у харчовай прамысловасці забаронена. Гэта неабходна зрабіць і Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?