Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі падрыхтаваў Велікоднае пасланне да вернікаў Беларусі.

У пасланні, тэкст якога размешчаны на Беларускім праваслаўным інфармацыйным партале (www.sobor.by), уладыка, сярод іншага, адзначае: «Дарагія браты і сёстры! Шлях ад Крыжа да Вялікадня мы ажыццяўляем і сёлета. У дні Вялікага посту ў метро горада Мінска адбыўся тэрарыстычны акт. Загінулі людзі. Многія былі параненыя. Але не паніка, не падазронасць і адчужэнне сталі дамінуючымі пачуццямі нашых суграмадзян. Гора аб’яднала нас, выявіла лепшыя рысы беларускага народа: спачуванне, міласэрнасць, жаданне дапамагчы блізкаму. Няхай гэтыя дабрачыннасці, падобна духоўнаму шчыту, адбіваюць любую варожую стралу, якая ляціць на нашу зямлю».

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі таксама звяртаецца да тэмы гадавіны аварыі на ЧАЭС. «Сёлета спаўняецца 25 гадоў шэсця беларускага народа па хрэсным шляху Чарнобыльскай бяды. Шмат слоў сказана пра яе… Яшчэ больш перажыта сэрцамі простых людзей. Сёння сэрцы нашы зноў хвалююцца, бачачы беспрэцэдэнтныя прыродныя катаклізмы, войны і іншыя выклікі, з якімі сутыкаецца сучасная цывілізацыя», — гаворыцца ў Велікодным пасланні.

У пасланні мітрапаліта Філарэта падкрэсліваецца: «Жыццёвая пазіцыя хрысціяніна — гэта велікодная, дзейная любоў. Хрысціянінам называецца не той, хто пасіўна чакае ад суседа спачування. Мы самі павінны быць прыкладам стойкасці і мужнасці для блізкага. Няхай цяпер кожны пакутны і абцяжараны, гледзячы на хрысціяніна, адчуваючы радасць яго сэрца, пажадае далучыцца да нашай радасці. Няхай кожны паўтарае словы апостала Паўла: «Я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, …, ні сучаснае, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым».

БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?