Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Пакуль рабочыя ААТ «Беларуськалій» чакаюць рашэння канцэрна «Белнафтахім» пра падвышэнне на 35% тарыфных ставак і акладаў, карэспандэнт «Салідарнасці» распытала іх аб тым, каго яны абвінавачваюць у дэвальвацыі, дэфіцыце валюты і росце цэн.

«У такой дупе, як цяпер, мы былі за часамі Гарбачова», — так ёміста ахарактарызаваў эканамічную сітуацыю ў краіне чыноўнік з адміністрацыі «Беларуськалія» на сустрэчы з падначаленымі.

«Людзі зразумелі, што з імі зрабілі нядобры палавы акт»

Брыгадзір лавы комплексу аднаго з рудаўпраўленняў Аляксей зарабляе ў ААТ «Беларуськалій» каля 8 мільёнаў рублёў.

— Пару месяцаў таму мая зарплата складала 2,5 тысячы даляраў, цяпер і 1,5 тысячы не выйдзе па курсе чорнага рынку, — расказвае ён.

Аляксей упэўнены, што ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі вінаваты ўрад.

— Мы яго выбіралі на чале з прэзідэнтам, і ён павінен займацца тым, каб я добра і камфортна жыў у гэтай краіне, — разважае малады мужчына. — Калі яны з гэтым не справіліся, значыць, трэба адправіць іх у адстаўку. У іншых развітых краінах ураду ўжо даўно выказалі б вотум недаверу.

— Але кіраўнік дзяржавы спачатку абвінаваціў у дэфіцыце валюты аўтамабілістаў, а потым сказаў, што 25% беларусаў лічаць, што самі вінаватыя ў пагаршэнні жыцця.

— Я чуў процьму версій. Усё гэта глупства. Людзі разважныя чытаюць навіны ў інтэрнэце і ведаюць, што ў Расію за два месяцы было больш машын вывезена, чым у Беларусь за паўгода прыгналі. І валюта сюды ў любым выпадку прыйшла. Чалавек, які ганяе машыны, жыве ў Беларусі, тут жа сілкуецца, апранаецца і траціць даляры.

Па словах Аляксея, яшчэ месяц таму шахцёры не разумелі, што дэвальвацыя — гэта пачатак канца, а цяпер да іх даходзіць, што «з імі зрабілі нейкі нядобры палавы акт».

— Крэдыты не могуць валютныя выплачваць. Раней хапала і крэдыт заплаціць, і на жыццё. Прадпрыемствы, такія як «Белкалій», «Белшына» зарабляюць валюту. Яны ж працуюць, не стаяць два месяцы. Куды валюта падзелася? Чаму яе няма? Народ раззлаваўся на ўрад, але, тым не менш, сустракаюцца такія фанатыкі — інакш я іх не называю — якія ўпэўненыя: што б ні здарылася — вінаваты не ўрад.

Шахцёры правядуць забастоўку па італьянскім сцэнары, калі заробак не падымуць

На прэзідэнцкіх выбарах Аляксей галасаваў супраць усіх кандыдатаў, таму што нікога з іх не ведаў, а прыхільнікам Лукашэнкі не быў.

— Мне незразумела, як можна пагражаць сваім выбаршчыкам, у адкрытую па тэлевізары казаць: «Я вас пакуль папярэджваю». Для мяне гэта дзіка. Гэта ён павінен баяцца народа.
Мяне радуе адно: у большай паловы беларусаў адкрыюцца вочы, і яны ўбачаць сапраўдны твар улады — без грыму.

— Скажы, а шахцёры абмяркоўваюць сітуацыю з палітвязнямі, цікавяцца лёсамі экс-кандыдатаў у прэзідэнты, якія апынуліся за кратамі?

— Ёсць людзі, якія сочаць за палітычнай гульнёй, але іх няшмат. Астатніх я параўноўваў з прыкормленымі катамі. Толькі цяпер сітуацыя змянілася. У міску не кладуць столькі корму, колькі раней. Па сутнасці, людзьмі рухаюць вузкія спажывецкія інтарэсы — палітыка ўласнага кашалька.

— Як думаеш, што чакае нас у будучыні?

— Мой прагноз: да канца гэтага года нічога добрага не будзе. Я не магу зразумець, якія крокі робіць урад для выхаду з крызісу. Я атрымліваю толькі тую абмежаваную інфармацыю, якую хочуць, каб мы з’елі. І з яе рабіць высновы — справа дурная. Самае небяспечнае ў крытычных сітуацыях — калі ў людзей наступае паніка. Гэта горш за ўсё. Тады яны здольныя на ўчынкі, якія не могуць растлумачыць. І вось цяпер гэты час настаў. Улада страчвае кантроль над сітуацыяй у краіне.

— Ты лічыш, шахцёры могуць выйсці на страйк?

— Калі не падымуць зарплату — выйдуць. Людзі баяцца, што наша дзяржава адрэагуе адназначна: ініцыятараў страйку абвесцяць персонамі нон-грата і перасаджаюць. Таму мы будзем дзейнічаць у рамках закона. Цяпер мы вылучылі прапанову ў канцэрн падняць заработную плату. Атрымаем адмову — гэта таксама рашэнне. Потым мы падаем заяўку на правядзенне пікету. На пікеце выносім рэзалюцыю аб павышэнні заработнай платы. Ізноў нам адмаўляюць? Далей мы можам пачынаць страйк згодна з дзейным заканадаўствам.

Мы і пасля 1992-га года паказвалі зубы. Праводзілі італьянскі страйк — калі людзі спускаліся ў забой і не працавалі.
Прад’явіць ім нічога нельга, таму што яны знаходзяцца на сваіх працоўных месцах. На маёй памяці гэта было гады тры назад, калі пенсію хацелі забраць у шахцёраў. Вось па такім жа сцэнары і правядзем.

«Улада лічыць народ быдлам»

Працаўніца абагачальнай фабрыкі Таццяна не сумняецца: у тым, што ў Беларусі адбываецца сёння, вінаватая ўлада.

— Кіраўніцтва нашай краіны лічыць народ быдлам, — кажа жанчына.- Кінуў нехта жарт з цукрам — пабеглі купляць. Мае калегі перадпенсійнага ўзросту ў здзіўленні. Яны баяцца, таму што не ведаюць, ці дапрацуюць да пенсіі, ці падоўжаць ім кантракты. І мне страшна. Зарплата ў мяне цяпер 137 даляраў па курсе на чорным рынку. Раней было 300 даляраў. Як жыць далей?.

Як заўважае Таццяна, у грамадстве накапілася агрэсія.

— Вы паглядзіце, што дзеецца ў чэргах, у паліклініках, у крамах… — дзеліцца суразмоўца. — Людзі не хаваюць незадаволенасці ўладай. Лічу, што ўладам трэба прыслухацца да працоўнага чалавека і заткнуць свае амбіцыі.

«Мы сталі горшыя за эфіопаў»

Машыніст помпавага ўчастка першай абагачальнай фабрыкі Ніна Касцюкевіч заўсёды лічыла сябе чалавекам, далёкім ад палітыкі. Беларускае тэлебачанне называе тэатрам аднаго актора і не глядзіць. Больш за дваццаць гадоў жанчына працуе ў аб’яднанні. Яна добра памятае тыя часы, калі яе зарплата складала 30 даляраў.

— Калі ва ўсім свеце быў крызіс, у нас была стабільнасць, — кажа яна. — Усе людзі паверылі і пачалі купляць машыны, кватэры. Мы адчулі сябе людзьмі, таму што змаглі дазволіць сабе з’ездзіць адпачыць за мяжу. У спецыялістаў майго ўзроўню быў заробак у межах тысячы даляраў. Думала назапасіць грошай і на пенсіі падарожнічаць, як немцы. А цяпер дэвальвацыя такая, што мы сталі горшыя за эфіопаў. Хто вінаваты? Напэўна, урад. Як кажуць, рыбка гніе з галавы…

У кіраўніка дзяржавы словы разыходзяцца са справай. Ён сказаў, што цэны не будуць падвышацца, а на заўтра ўсё вырасла. Але многія мае знаёмыя лічаць: будзь што будзе, абы не было вайны. І нічога дзіўнага ў гэтым няма. Яны прыехалі з вёсак, іх нічога не цікавіць, акрамя агарода».

Ніна лічыць, што падчас крызісу выявіўся беларускі менталітэт: людзі не засмучаюцца, што адбылася дэвальвацыя, а радуюцца таму, што паспелі зрабіць пакупкі па старых цэнах.

«Хачу з’ездзіць з прэзідэнтам на адпачынак у Сочы»

Электраманцёр Сяргей Хацяноўскі дакладна ведае: у знікненні валюты з абменнікаў аўтамабілісты не вінаватыя.

— Каб купіць аўтамабіль, трэба нейкі час збіраць грошы. Не мог народ за месяц атрымаць зарплату, скупіць усю валюту ў краіне і паехаць па машыны.

…Вось Лукашэнка па тэлевізары выступае: «Усё, я сказаў знізіць цэны!» А тэлебачанне дурыць нам галовы: «Вось глядзіце, тушоначка. Учора 8150 каштавала, а сёння 7890». Дык яна месяц таму каштавала 5000! — абураецца Сяргей.

Суразмоўца лічыць, што ва ўсім вінаватыя ўлады, і трэба мяняць усю каманду ў кіраўніцтве краіны.

Яшчэ нядаўна Сяргей зарабляў каля 600 даляраў. Цяпер — 300.

— Лукашэнка сказаў: «У нас у Сочы ёсць пансіянат. Калі хочаце, я з вамі паеду». Вось я вельмі хачу туды паехаць разам з ім за 300 даляраў. І яшчэ хацелася б схадзіць у тыя крамы, у якія ходзяць чальцы ўрада. Кажуць, там цэны не падымаюцца, — падсумоўвае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?