Блакаванне працы інтэрнэт-сайтаў шляхам іх наўмыснай перагрузкі запытамі (DDoS-атакі) прызнанае крымінальна караным дзеяннем.

Такое рашэнне прыняў зямельны суд Дзюсельдорфа. За DDoS-атакі заканадаўства Германіі прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, паведаміў у аўторак нямецкі часопіс Spiegel.

Як удакладняе выданне, адпаведны прысуд быў вынесены яшчэ ў сакавіку, аднак апублікаваны ён толькі цяпер. Справа, якую разглядаў суд, датычыла блакавання працы шасці букмекерскіх сайтаў. Паводле дадзеных следчых органаў, абвінавачваны, спрабуючы шантажаваць букмекераў, зладзіў DDoS-атаку на іх сайты з арандаваных у Расіі сервераў. Гаспадары трох сайтаў заплацілі зламысніку, а трое іншых плаціць адмовіліся. Тады абвінавачваны зноў заблакаваў іх сайты, што, паводле словаў пацярпелых, прывяло да зніжэння прыбытку на шасцізначную суму.

Суд угледзеў у дзеяннях абвінавачанага склад злачынства, прадугледжанага параграфам 303b крымінальнага кодэкса Германіі (кампутарны сабатаж), за якія прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да дзесяці гадоў. Акрамя таго, падсудны быў прызнаны вінаватым у шантажы.

Як адзначыў адвакат Ёрг Хайнрых, які спецыялізуецца на злачынствах у сферы IT, гэта «адзін з першых выпадкаў вынясення абвінаваўчага прысуду па крымінальнай справе аб DDoS-нападах».

DDoS-атака — дзеянні, якія палягаюць у генерацыі (з дапамогай батнэту) вялікай колькасці запытаў да вэб-сервера, абранага «ахвярай». DDoS-атака падвяргае перагрузцы канал сувязі і вылічальныя магутнасці, якія забяспечваюць працу атакаванага сайта, што прыводзіць да яго недаступнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?