Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ МУС Беларусі, каля 14 гадзін на 79-м кіламетры аўтадарогі Пухавічы — Узда — Негарэлае 34-гадовая мінчанка не справілася з кіраваннем аўтамабіля «Пежо 206» (ён належыць 21-гадовай пасажырцы). Машына з’ехала ў левы па ходу руху кювет і перакулілася. У выніку ДТЗ пасажырка і яе аднагадовая дачка з закрытымі чэрапна-мазгавымі траўмамі былі памешчаныя ва Уздзенскую цэнтральную раённую бальніцу, адкуль дзіця затым было пераведзенае ў мінскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Пяцігадовая дачка кіроўцы з пераломам скроневай косці шпіталізаваная ва Уздзенскую ЦРБ. Усе мінчане.

Рэспубліканская Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што з 27 чэрвеня па 3 ліпеня па ўсёй краіне праходзіць прафілактычная акцыя «Хуткасць», накіраваная на прапаганду бяспечнага ваджэння, выканання бяспечнай хуткасці і спыненне парушэнняў хуткасных рэжымаў.

За 27 дзён чэрвеня супрацоўнікі ДАІ склалі больш чым 57 тысяч пратаколаў за перавышэнне ўстаноўленай хуткасці. У гэты час на дарогах краіны загінулі 84 чалавекі, 440 атрымалі траўмы і калецтвы. Менавіта з-за невыканання вадзіцелямі ўстаноўленага хуткаснага рэжыму на працягу пяці месяцаў гэтага года ў краіне адбыліся 273 ДТЗ з пацярпелымі. Гэта на 5,4% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?