Прыкладна 4 тысячы ваеннаслужачых узялі ўдзел у ваенным парадзе ў гонар Дня Незалежнасці ў Мінску 3 ліпеня. Перад трыбунай, на якой знаходзіліся апранутыя ў ваенную форму галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, яго малодшы сын Мікалай, прайшлі 20 пешых і 16 механізаваных парадных разлікаў.

Традыцыйна адкрывалі парад барабаншчыкі — выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. За імі ішлі прадстаўнікі 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой Чарнігаўскай Чырванасцяжнай дывізіі Узброеных сіл Расіі. У парадзе таксама ўзялі ўдзел курсанты Ваеннай акадэміі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, ваеннаслужачыя 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 85-й і 86-й брыгад сувязі, 38-й і 103-й асобных мабільных брыгад, транспартных войскаў, зводнай роты ганаровай варты, а таксама зводны аркестр Узброеных сіл.

На чале механізаванай калоны ішла ваенная тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны — танкі БТ-7 і Т-34, а таксама самаходная ўстаноўка Су-100. Госці свята ўбачылі таксама танкі Т-72Б, баявыя машыны пяхоты БМП-3, бронетранспарцёры БТР-80, процітанкавыя комплексы «Штурм-С», артылерыйскія сістэмы «Акацыя», «Гіяцынт» і «Мста-С», рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Град» і «Смерч», ракетныя комплексы «Кропка-У», зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Тунгуска», зенітныя ракетныя комплексы «Аса», Бук», С-300ПС і С-300В. Упершыню на парадзе ў Мінску былі паказаны зенітныя ракетныя комплексы «Панцыр-С», што знаходзяцца на ўзбраенні расійскай арміі.

Пралёт паветранага эшалона пачыналі два верталёты Мі-8 са сцягамі Беларусі і Міністэрства абароны. За імі над праспектам Машэрава праляцелі звяно Мі-8 з чатырох верталётаў, звяно ўдарных верталётаў Мі-24, звяно штурмавікоў Су-25, звяно знішчальнікаў МіГ-29, звяно знішчальнікаў Су-27 і звяно вучэбна-баявых самалётаў Л-39.

Упершыню ў складзе параднага паветранага эшалона адсутнічалі бамбардзіроўшчыкі Су-24. Нагадаем, як паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня ваенны камендант Ваеннай камендатуры Узброеных сіл Беларусі палкоўнік Анатоль Грыцаў, амаль усе самалёты гэтага тыпу знаходзяцца на рамонце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?