Паводле ўдакладненых дадзеных праваабаронцаў, падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Дзень Незалежнасці ў Беларусі затрымана не менш як 390 чалавек: не менш як 210 чалавек — у Мінску, прыкладна 180 — у рэгіёнах.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, прыкладна 140 чалавек цяпер знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Паводле слоў Стэфановіча, на іх складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Слуханні спраў павінны прайсці сёння ў судах Фрунзенскага, Савецкага, Заводскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска — ва ўпраўленні ўнутраных спраў гэтых раёнаў дастаўлялі затрыманых. Аднак, улічваючы вялікую колькасць затрыманых, не выключана, што справы будуць разглядацца ва ўсіх раённых судах горада, дадаў праваабаронца.

***

Беларускія праваабаронцы выступілі з заявай, у якой у чарговы раз заклікалі ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных за ўдзел у мірных сходах грамадзян. Яны таксама патрабуюць ад улад "забяспечыць грамадзянам краіны рэалізацыю свабоды мірных сходаў і неадкладна спыніць ганебную практыку затрыманняў і збіванняў іх удзельнікаў".

Паводле меркавання праваабаронцаў, неабходна правесці "тэрміновае расследаванне ўсіх фактаў перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі МУС, прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці", а таксама "прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі заканадаўства аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў".

У заяве адзначаны шматлікія факты незаконнага выкарыстання фізічнай сілы ў дачыненні да затрыманых грамадзян, супрацьдзеяння супрацоўнікамі МУС законнай дзейнасці журналістаў па асвятленні падзей, затрымання праваабаронцаў, якія праводзілі маніторынг згаданых падзей". "Уся адказнасць за вышэйпералічаныя незаконныя дзеянні, скіраваныя на парушэнне правоў чалавека, цалкам кладзецца на беларускія ўлады, кіраўніцтва і супрацоўнікаў МУС, суддзяў раённых і гарадскіх судоў, якія маюць непасрэднае дачыненне да адвольных затрыманняў і арыштаў удзельнікаў мірных сходаў", — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?