Сёлета ў гімназіі школьнікі паступалі па новых правілах і паказалі нядрэнныя вынікі.

Прахадны бал у гімназіі цяпер складаецца не толькі з адзнак, атрыманых на ўступных экзаменах, але і з гадавых адзнак па матэматыцы, рускай і беларускай мовах. Раней у гімназіі залічвалі толькі па балах, атрыманых на ўступных выпрабаваннях.

На ўступных экзаменах у гімназіі беларускай сталіцы чацверакласнікі паказалі здавальняючыя вынікі. На адзнакі «7» і вышэйшыя экзамен па рускай мове здалі 92% школьнікаў, па матэматыцы і беларускай — 77%, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Начальнік аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Харужая паведаміла, што ў сярэднім на дастатковым і высокім узроўні з заданнямі справіліся 83% прэтэндэнтаў на навучанне ў гімназіі, а 65% пацвердзілі або палепшылі свае гадавыя адзнакі.

Пераважнае права пры залічэнні ў гімназію пры роўнай агульнай колькасці балаў мелі навучэнцы, у якіх вышэйшы сярэдні бал. Для тых, хто паступаў у гімназіі-каледжы мастацтваў, фактарам перавагі быў больш высокі ўзровень здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва.

Такім чынам, максімальная сума балаў, якую можа набраць вучань, складае 60. Максімальную колькасць балаў набралі 48 дзяцей.

Сярэдні прахадны бал для кандыдатаў у гімназісты склаў 46 з магчымых 60. Гэта значыць, хапіла б чатырох васьмёрак і дзвюх сямёрак. У 13 установах адукацыі прэтэндэнтам патрабавалася набраць больш за 50 балаў, а ў гімназіі № 2 — ад 55 і вышэй.

Усяго ў гімназіі залічана больш за 3150 мінскіх школьнікаў. У залежнасці ад гімназіі конкурс склаў ад 2 да 2,5 чалавекі на месца.

Паводле дадзеных Мінадукацыі, у Беларусі працуе 212 гімназій, а таксама шэсць навучальна-педагагічных комплексаў сярэдняя школа (гімназія) — каледж. Колькасць гімназій ў апошнія гады толькі павялічвалася. Калі ў 2006/2007 навучальным годзе іх было 165, то ў 2007/2008 — ужо 184, а ў мінулым навучальным годзе — 212.

Плануецца, што 1 верасня ў Мінску будуць адкрытыя яшчэ дзве гімназіі — на базе школы № 52 Кастрычніцкага раёна і школы № 166 Цэнтральнага раёна.

Бацькі спадзяюцца, што дзеці атрымаюць у гімназіях добрую адукацыю, якая дасць ім магчымасць паступіць у ВНУ. З года ў год вынікі цэнтралізаванага тэставання паказваюць, што такія надзеі цалкам апраўданыя. Напрыклад, у мінулым годзе сярэдні бал за ЦТ па матэматыцы склаў 21,76. Пры гэтым у выпускнікоў сярэдніх школ — 23,5, у выпускнікоў гімназій і ліцэяў — 36, ССНУ — 16,7, ПТВ і прафесійных ліцэяў, каледжаў — 13.

У цэнтралізаваным тэставанні па фізіцы ў 2010 годзе сярэдні тэставы бал па прадмеце склаў 18,1. Вынікі выпускнікоў гімназій — 29,8, крыху ніжэйшы вынік выпускнікоў ліцэяў — 27,9, агульнаадукацыйных школ — 19,5, ССНУ — 14,45.

Па выніках тэставання гэтага года разбіўкі па відах установаў, якія скончылі абітурыенты, пакуль няма, аднак можна выказаць здагадку, што гімназісты не падвялі і гэтым разам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?