Пры жорсткай грашова-крэдытнай і падаткова-бюджэтнай палітыцы забяспечыць адзіны абменны курс і яго гібкасць можна ў самы бліжэйшы час.
Аб гэтым заявіла сёння пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Беларусі Наталля Калядзіна на пасяджэнні рэспубліканскага клуба дырэктараў Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

«Пры ўмове таго, што грашова-крэдытная палітыка будзе жорсткай, падатковая і бюджэтная палітыка таксама будзе ўзмацняцца, уніфікацыя валютнага курсу і яго гібкасць могуць быць забяспечаны ўжо ў самы бліжэйшы час, без значных наступстваў для эканомікі», — адзначыла Наталля Калядзіна. Яна падкрэсліла, што гэта не выкліча рэцэсіі і не павінна прывесці да значных адмоўных працэсаў у эканоміцы.

Калі грашова-крэдытная палітыка будзе жорсткая — інфляцыйныя чаканні значна знізяцца, а гэта тое, што ўплывае і аказвае націск на валютны курс. Калі інфляцыйныя чаканні будуць ніжэйшыя і валютны рынак будзе збалансаваны — дэвальвацыйныя чаканні, відаць, будуць ліквідаваны, лічыць Наталля Калядзіна. У гэтай сітуацыі эканоміка Беларусі значна выйграе і будзе мець валютны рынак, які поўнасцю функцыянуе.

Яшчэ адным важным фактарам у развіцці гэтых працэсаў павінна стаць зніжэнне рэгулюемасці цэн. «Калі цэны не будуць кантралявацца, гэта дасць магчымасць прывесці да аптымальнага ўзроўню цэн, пераразмеркаваць рэсурсы ў эканоміцы ў напрамку больш эфектыўных сектараў і прадпрыемстваў», — падкрэсліла яна. У той жа час тыя прадпрыемствы, якія не змогуць функцыянаваць у гэтых умовах, павінны будуць падумаць, як змяніць сваю дзейнасць і што зрабіць, каб выжыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?