Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Мінска, якія перакрылі вечарам 21 ліпеня некалькі ўчасткаў праспекта Незалежнасці і прылеглых да яго вуліц, самі ж арганізавалі найлепшую акцыю пратэсту.
Такое меркаванне ў інтэрв`ю БелаПАН выказаў дырэктар інфармацыйна-асветнай установы «За Аўто» Арцём Шаркоў.

«Супрацоўнікі ДАІ ў гэтым выпадку арганізавалі лепшы „Стоп-бензін“, які можна было прыдумаць, — адзначыў ён. — Тое, што яны зрабілі, — гэта нейкае шоу, такое можна ўбачыць толькі на нейкіх дзяржаўных святах».

Шаркоў выказаў меркаванне, што аўтамабілісты могуць зноў самаарганізавацца і выступіць з пратэстам супраць павышэння цэн на нафтапрадукты. «Аднак для гэтага беларускім аўтааматарам патрэбна будзе нейкая важкая прычына — напрыклад, чарговы рэзкі скачок цэн. Тым не менш, я думаю, што кожны тыдзень яны выступаць не стануць», — лічыць лідар «За Аўто».

Вечарам 21 ліпеня ў Мінску затрымалі як мінімум чатырох чалавек — Дзмітрыя Грынкевіча, Яўгена Сайчука, Ігара Бялова і Юлію Лабцэвіч. Яны былі дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС Мінска.

Нагадаем, вечарам 21 ліпеня ў Мінску і шэрагу іншых беларускіх гарадоў прайшла акцыя «Стоп-бензін» супраць чарговага павышэння цэн на нафтапрадукты. Больш за гадзіну некаторыя ўчасткі праспекта Незалежнасці былі перакрыты ці рэгуляваліся супрацоўнікамі ДАІ. Аўтамабілістам не давалі масава збірацца на праспекце, рассякаючы паток па прылеглых вуліцах. Удзельнікамі акцыі пратэсту ў цэнтры горада сталі не менш як 100 аўтамабілістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?