Сёлета, 24 кастрычніка, у Ерусаліме на Аліўнай гары адбудзецца гістарычная падзея, якая не можа застацца па-за ўвагай беларусаў. Менавіта ў гэты дзень у ерусалімскім каталіцкім храме Pater noster будзе ўсталяваная шыльда з тэкстам галоўнай хрысціянскай малітвы («Ойча наш») па-беларуску.

Штогод пілігрымы з розных куткоў свету прыязджаюць на Аліўную гару, каб убачыць на ўласныя вочы месца, дзе Ісус Хрыстос праводзіў свае апошнія дні з апосталамі. Дзе Ён, паводле старажытнай традыцыі, навучыў іх маліцца словамі, якія даўно зрабіліся добра вядомымі ўсім народам. У памяць пра тую падзею нарадзілася жаданне збудаваць святыню на месцы, дзе гэта малітва прагучала ўпершыню. Пазней пілігрымы з розных краін захацелі ўмацаваць шыльды з тэкстам гэтай малітвы на сваіх нацыянальных мовах на мурах святыні на знак сваёй прыналежнасці да хрысціянскай спадчыны, да словаў, якія зляцелі з вуснаў Хрыста.

Нашыя суседзі з Польшчы, Літвы, Украіны, Латвіі і Расіі таксама, прыязджаючы ў Ерусалім, узыходзячы на Аліўную гару, могуць бачыць словы гэтай малітвы на сваіх мовах і, стаўшы пад сваёй шыльдай, памаліцца так, як некалі вучыў чалавек з Галілеі. Такая магчымасць неўзабаве з’явіцца і ў нас, беларусаў. Пры ўдзеле арцыбіскупа мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна ў прысутнасці шматлікіх паломнікаў з Беларусі 24 кастрычніка на Аліўнай гары адбудзецца святочная літургія па-беларуску, пасля чаго будзе ўрачыста ўмацаваная і асвечаная шыльда са словамі малітвы «Ойча наш».

Пілігрымы, што возьмуць удзел у падарожжы на Святую Зямлю у гэтым часе (з 18 па 25 кастрычніка) наведаюць таксама Ерусалім, Назарэт, Віфлеем, Галілейскае мора, раку Іярдан, Кану Галілейскую, гару Фафор, Мёртвае мора і шмат іншых месцаў. Апрача ўдзелу ў святочнай літургіі на Аліўнай гары ўсім будзе дадзеная цудоўная магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Ізраіля, адпачыць ва ўлонні маляўнічай прыроды гэтай краіны, аднавіць сваю духоўную раўнавагу і здабыць новыя знаёмствы.

Калі жадаеш стаць відавочцам гэтай знакавай падзеі, запрашаем у падарожжа.

Падрабязнасці на сайце piligrymka.by.

Інфармацыя па тэлефонах: (029) 618-72-99; (029) 217-26-25, (029) 518-72-27.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?