Сёння, а 13-й гадзіне, у швейцарскім Ньёне пройдзе лёсаванне плей-оф кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

БАТЭ (клубны рэйтынг — 23.216), як у папярэдніх раўндах кваліфікацыі, будзе сеяным, таму яму трапіцца адзін з наступных супернікаў:

«Вісла» Кракаў (Польшча) (рэйтынг — 10.183), бельгійскі «Генк» (8.400), аўстрыйскі «Штурм» з Граца (8.640), чэшская «Вікторыя» Пльзень (5.170), шведскі «Мальмё» (2.825).

«Вісла» ў 3-й стадыі выйграла ў балгарскага «Літэкса» (2:1, 3:1), «Мальмё» выбіў з ЛЧ шатландскі «Рэйнджэрс» (1:0, 1:1), «Вікторыя» — нарвежскі «Русенборг» (1:0, 3:2), «Штурм» — грузінскі «Зэстафоні» (1:1, 1:0), а «Генк» — бялградскі «Партызан» (2:1, 1:1).

Матчы плей-оф пройдуць 16–17 і 23–24 жніўня. Першы матч БАТЭ правядзе ў гасцях, а матч у адказ будзе згуляны ў Мінску, а не Барысаве.

Пераможцы дуэляў трапляюць у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў. Каманды, што прайграюць, будуць гуляць у групавым турніры Лігі Еўропы.

БАТЭ выступаў у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў у сезоне 2008/2009 («Рэал», «Ювентус», «Зеніт»), затым два гады запар гуляў у групавым турніры Лігі Еўропы.

У розыгрышы Лігі чэмпіёнаў 2011/2012 года БАТЭ стартаваў з 2-га раўнду, абыграўшы белфасцкі «Лінфілд» (1:1, 2:0), а ў 3-м раўндзе «Экранас» з Панявежыса (0:0, 3:1).

P. S. Глыбока аматарскія каментары, кшталту БАТЭ нахаляву і дзякуючы суддзям прайшоў «Лінфілд» і «Экранас» будуць бязлітасна рэзацца :).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?