Як заявіла ДВА «Белэнерга», у цяперашні час вядуцца перамовы з перспектыўным стратэгічным інвестарам па будаўніцтве Зэльвенскай кандэнсацыйнай электрастанцыі (Гродзенская вобласць).

Нагадаем, што першапачаткова меркавалася, што Зэльвенскую КЭС пабудуе польская кампанія АТ «Кульчык Холдынг». Дамову пра намеры Мінэнерга Беларусі і «Кульчык Холдынг» заключылі яшчэ на першым Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане ў лістападзе 2008 года.

У жніўні 2010 года самы багаты паляк Кульчык падпісаў з Гроднаэнерга два пагадненні аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў. Паводле дамовы, меркавалася пабудаваць электрастанцыю ў Зэльве магутнасцю 920 МВт і трансмежную лінію электраперадачы напружаннем 400 кВт, якая злучае беларускую электрападстанцыю «Рось» з польскай энергетычнай сістэмай.

Праект спатыкнуўся на трэцім пагадненні па стварэнні на парытэтнай аснове сумеснага прадпрыемства па збыце электраэнергіі. Палякі хацелі прадаваць палову электраэнергіі ў Польшчу з усёй энергасістэмы Беларусі, беларускі бок бачыў крыніцай продажу электраэнергіі выключна Зэльвенскую станцыю.

Як паведамілі БелТА у ДВА «Белэнерга», у сувязі са спыненнем адносін з польскай кампаніяй АТ «Кульчык Холдынг» ДВА «Белэнерга» ў пачатку 2011 года абвясціла адкрыты конкурс па будаўніцтве Зэльвенскай КЭС з прыцягненнем непасрэдных інвестыцый па міжнароднай схеме build-own-transfer (будаўніцтва-эксплуатацыя-перадача). Гэтая схема прадугледжвае будаўніцтва інвестарам электрастанцыі і яе эксплуатацыю цягам вызначанага перыяду, неабходнага для атрымання інвестарам прыбытку ад рэалізацыі праекта і вяртання ўкладзеных сродкаў. Пасля гэтага станцыя бязвыплатна перадаецца ўпаўнаважанай беларускім бокам эксплуатавальнай арганізацыі.

Інвестыцыйная прапанова па ўказаным праекце, якая ўтрымлівае асноўныя ўмовы ўдзелу, была сфармаваная і накіраваная ў адрас звыш 60 замежных кампаній у студзені 2011 года. Нягледзячы на тое, што зацікаўленасць у рэалізацыі праекта будаўніцтва Зэльвенскай КЭС выказаў шэраг замежных кампаній, у вызначаны тэрмін тэхнічна-камерцыйныя прапановы і праекты інвестыцыйных дамоваў на адрас ДВА «Белэнерга» не паступілі.

На думку беларускіх энергетыкаў, гэта звязана перш за ўсё з тым, што праект дарагі і досыць складаны ў рэалізацыі.
Інвестару ў дадзеным выпадку неабходныя не толькі фінансавыя рэсурсы, але і наяўнасць дамоўленасцяў па здабычы і пастаўцы паліва (для працы станцыі патрабуецца каля 1 млн т вугалю ў год), а таксама досвед працы ў энергетычнай сферы. «Разам з тым у цяперашні час ДВА „Белэнерга“ вядзе перамовы з перспектыўным стратэгічным інвестарам, які мае і фінансы, і сыравінную базу», — адзначылі ў аб’яднанні. Імя інвестара не называецца, але хутчэй за ўсё размова ідзе пра ізраільскую кампанію «Ландаў Груп», якая ўжо нават стварыла ТАА «Ландаў Юпітэр Лімітэд» адмыслова для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве электрастанцый і наступнага продажу электраэнергіі.

Будаўніцтва Зэльвенскай КЭС прадугледжанае дзяржпраграмай інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011–2015 гады. Згодна з дакументам, на рэалізацыю праекта плануецца накіраваць больш за 3,3 трыльёна рублёў. Па стратэгіі развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі станцыю збіраюцца пабудаваць да 2015 года.

Пляцоўка пад будаўніцтва Зэльвенскай КЭС размешчаная за 5 км ад пасёлка Зэльва Гродзенскай вобласці. У працы станцыі мяркуецца выкарыстаць у тым ліку польскі вугаль. Таксама плануецца задзейнічаць беларускі торф (не менш за 10% агульнага аб’ёму паліва для двух блокаў КЭС. Выпрацаваная энергія будзе выкарыстоўвацца пераважна ўнутры рэспублікі.

Таксама ДВА «Белэнерга» прапрацоўвае пытанне будаўніцтва міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва з прыцягненнем замежных інвестыцый. З такой прапановай аб’яднанне звярнулася да замежных вытворцаў котлаагрэгатаў і інжынірынгавай кампаніі POLYTECHNIK (Аўстрыя), MW Power (Фінляндыя), Adato sro (Славенія), CTY Group a.s. (Чэхія), Axis industries (Літва) і Renewa (Фінляндыя). «Перамовы знаходзяцца на завяршальнай стадыі, але канчатковыя рашэнні пакуль не прынятыя», — сказалі ў «Белэнерга».

Мэта стварэння такога СП — будаўніцтва міні-ЦЭЦ і кацельняў, якія працуюць на мясцовым паліве. Вытворчасць сумеснага абсталявання плануецца максімальна лакалізаваць на прадпрыемствах Міністэрства энергетыкі Беларусі і іншых галін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?