Сбербанк Расіі і Deutsche Bank дадуць крэдыт «Беларуськалію» на $ 2 млрд, паведаміў кіраўнік Сбербанка Герман Грэф на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.
Пуцін падкрэсліў, што крэдыт быў выдадзены на ягоную просьбу. «Для Беларусі гэта, вядома, няпросты перыяд часу, але для нас гэта дастаткова надзейны, добры крэдыт», — сказаў Грэф.

Ён расказаў, што ў якасці забеспячэння па крэдыце будуць прадастаўлены экспартныя кантракты (кампанія 90% прадукцыі экспартуе), а таксама 35% акцый прадпрыемства. Іх аформяць у заставу (залог).

«Усё гэта робіцца па ўсіх міжнародных стандартах разам з нашымі заходнімі партнёрамі», — заявіў Грэф.

Калі Беларусь не здолее выплаціць крэдыт, акцыі «Беларуськалія» пяройдуць ва ўласнасць крэдытораў.
«Беларуськалій» — галоўная крыніца валютных прыбыткаў Беларусі.

Звяртае ўвагу, што «беларускае пытанне» супольна вырашаюць найбуйнейшы нямецкі і расійскі банкі. Гэта яшчэ адна праява супрацы Расіі і Захаду ў беларускім пытанні. Пры разглядзе беларускай заяўкі на крэдыт ЕўрАзЭС міністр фінансаў Расіі Кудрын таксама прапаноўваў беларускім уладам зважаць на патрабаванні МВФ.

Як стала пазней вядома агенцтву «Інтэрфакс», беларускія ўлады мелі накіраваць сродкі ад крэдыту ў золатавалютныя рэзервы. Гэта дазваляе меркаваць, што стане магчымым аднаўленне інтэрвенцый Нацбанка на валютным рынку. Магчыма, пасля прыходу гэтага крэдыту ў абменніках ізноў з’явіцца валюта. Пытанне толькі, па якім курсе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?