Як вынікае з ліста Мікалая Статкевіча, перададзенага «з аказіяй» палітыку Сяргею Скрабцу, экс-кандыдат у прэзідэнты лісты ў свой адрас атрымлівае, а вось сам адказаць можа не заўсёды.

Каб не было сумненняў у аўтарстве паслання, Статкевіч выкарыстоўвае «паролі» — «штрыхі і дэталі», якія вядомыя толькі яму самому і Скрабцу. Таму ў сапраўднасці аўтара паслання падазрэнняў у Скрабца не паўстала.

Частка ліста — аб асабістым. «У мяне ўсё нармальна, але спрабуюць «падламаць» маральна і фізічна, — паведаміў Мікалай Статкевіч. — Працую на пілараме — цягаю бярвёны да пілы. Званкі і лісты адпраўляць забаронена. Прычым забарона не афіцыйная, а практычная. Напісаў ліст, начальнік аператыўнага аддзелу збірае «актыў», цытуе і каментуе гэты ліст перад імі, складае пратакол аб канфіскацыі ліста (даволі нявіннага зместу) і аб’яўляе аб пакаранні ўсяго атрада — спілаваць турнік і брусы ў лакальнай зоне. Таму пісаць не магу».

Пасланне з калоніі, як нам растлумачыў Сяргей Скрабец, сапраўды, было дастаўлена не поштай, а праз трэція рукі.

«Цяпер пачалася новая хваля ціску на «дзекабрыстаў»

— спрабуюць прымусіць напісаць заявы аб памілаванні і выступіць перад тэлекамерай. Больш за ўсё дастаецца Гнедчыку… — ён ужо пабываў у СІЗА. Я хлопцам сказаў: «Можаце пісаць. Вам можна. Гэта мне нельга». Але яны не хочуць прызнаваць віну», — распавёў Мікалай Статкевіч свайму сябру і паплечніку. І наказаў: Перадавай прывітанне Марыне (жонцы). Вельмі хвалююся за яе. Турбуе становішча Дзімы Д. (Зміцер Дашкевіч), які ў Горках. Тамтэйшая адміністрацыя спрабуе яго «зламаць». Вялікае прывітанне ўсім нашым. Дзякуй за лісты — яны даходзяць. Атрымаў каля 100 віншавальных тэлеграмаў і яшчэ некалькі сотняў не аддалі, бо без подпісаў. Перадавай усім — мяне не зламаюць».

Асобна Мікалай Статкевіч папрасіў перадаць свае прапановы «для апазіцыі і для саюзнікаў на Захадзе». Публікуем без зменаў.

Прапанова для дэмакратычных сіл:

Выканаць рашэнне удзельнікаў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 19.12.2010 года аб стварэнні Народнага руху «За свабодныя выбары» і абранні яго Рады. Лічыць, што Раманчук і Рымашэўскі выйшлі са складу Рады, у сувязі з іх асуджэннем акцыі 19.12.2010 года па БТ або ў ходзе следства. Уключыць у склад Рады замест іх кіраўнікоў іх выбарчых кампаній П. Севярынца і А. Лябедзьку. Дазволіць членам Рады, якія знаходзяцца ў зняволенні, накіраваць у яе склад сваіх прадстаўнікоў. Прашу рэалізаваць гэтую прапанову Някляева, Мілінкевіча і Казуліна.

Прапановы для нашых сяброў у Еўрапейскім саюзе:

Узмацняць ціск на рэжым. Пачаць ўводзіць санкцыі супраць прадпрыемстваў «нафта-газавага афшору» (па прыкладу амерыканцаў). Уключыць у спіс неўязных некаторых начальнікаў калоній, дзе аказваецца незаконны ціск на палітвязняў (напрыклад — у Горках і Шклове).

Не разглядаць вызваленне часткі палітвязняў, якія напісалі пад ціскам заяву «аб памілаванні», як падставу для паслаблення ціску. Інакш ціск на тых, хто такія заявы не напісаў, неймаверна ўзмоцніцца.

Перамовы з рэжымам толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Тэма такіх перамоваў — умовы прыпынення санкцый наўзамен на дэмакратызацыю заканадаўства і доступ апазіцыі да ТБ.

Крэдыты — толькі пры наяўнасці дэмакратычна абранага парламенту, які кантралюе іх выдаткаванне.

Прапанова для каардынатараў кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі»:

Беларуская мова намаганнямі рэжыму ператвараюць у масавай свядомасці ў «апазіцыйную мова». Прашу разгледзець маю прапанову выкарыстаць гэта для публічнай паўсюднай дэманстрацыі пратэсту. Дастатковы невялікі набор слоў (дзякуй, Калi ласка, прабачце і г.д.), якія выкарыстоўваюцца ў любы час у публічных месцах. Калі атрымаецца надаць гэтаму масавасць, то перашкаджаць улада гэтаму не зможа. І мой Вам «Рэспэкт» за акцыі ў чэрвені-ліпені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?