Шматвяковай гісторыі горада Мінска прысвечана выстава рарытэтных выданняў «Мінск-Менск: старонкі гісторыі», якая адкрылася 12 верасня ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі (вул. Савецкая, 11, правае крыло Дома Урада).

Горад Мінск (Менск, Менеск) — сталіца сучаснай Беларусі — старажытны і заўсёды малады горад. У яго гісторыі было шмат войнаў і разбурэнняў. Але дзякуючы волі і працавітасці сваіх жыхароў горад заўсёды ўставаў з попелу і руін, падобна міфічнай птушцы Фенікс.

На выставе прадстаўлены каштоўныя кніжныя рарытэты з аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі. Сярод іх такія ўнікальныя выданні, як «Памятная книжка Минской губерніи и календарь на 1889 год царствованія Императора Николая II: год девятый / изданіе Минскаго губернскаго статистическаго комитета», «Канстытуцыя (Асноўны Закон) Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi» (1927 год, тэкст на рускай, беларуская і яўрэйскай мовах), перыядычныя выданнні «Минскiя Епархiальныя ведомости за 1877 год.: Часть оффицiальная и неоффицiальная», «Лучынка: літэратурно-навуковы месячнік».

Акрамя таго, на выставе можна ўбачыць і такія рэдкія выданні, як «Учебник истории русского права из библиотеки Его Императорского Высочества наследника Цесаревича и Великого князя Алексея Николаевича» і арыгінал зборніка «Вянок» Максіма Багдановіча.

Выданні, прадстаўленыя ў экспазіцыі, паказваюць жыццё Мінска ва ўсе гістарычныя эпохі, пачынаючы з дня заснавання горада і да нашых дзён. Тут можна ўбачыць фатаграфіі вуліц, плошчаў, паркаў, прадмесцяў, помнікаў архітэктуры старога і сучаснага горада, карты і планы Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?