Выхад у сетку інтэрнэт маюць каля 35% грамадскіх бібліятэк Беларусі, у тым ліку кожная пятая сельская бібліятэка,
паведаміў на прэс-канферэнцыі 13 верасня намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі.

Апрача таго,

43% грамадскіх бібліятэк абсталяваныя камп’ютарамі
. У гэты лік трапляюць усе рэспубліканскія, абласныя, а таксама цэнтральныя гарадскія і раённыя бібліятэкі, больш як чвэрць сельскіх бібліятэк.

«Сёння бібліятэкі ў сваёй большасці ўяўляюць сабой шматфункцыянальныя ўстановы культуры, — сказаў Стружэцкі. — Гэта інфармацыйныя, сацыякультурныя і асветніцкія цэнтры, якія ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і запытамі розных слаёў насельніцтва актыўна ўкараняюць у сваю дзейнасць найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, садзейнічаюць распаўсюджанню ведаў, умацаванню адзінай культурнай прасторы, што ў выніку прыводзіць да фарміравання новага інтэлектуальнага грамадства».

На пачатак 2011 года было мадэрнізавана і створана каля 1,5 тыс. бібліятэк у аграгарадках. Цяперашнія цэнтральныя сельскія бібліятэкі — «гэта сучасныя бібліятэкі з поўным камплектам абсталявання, падключэннем да сеткі інтэрнэт, гэта значыць яны практычна не адрозніваюцца ад звычайных гарадскіх бібліятэк». «Перад намі стаіць задача, каб усе бібліятэкі адпавядалі такім патрабаванням», — заявіў чыноўнік.

Намеснік міністра зазначыў, што ў бібліятэчнай сферы застаюцца нявырашаныя праблемы, напрыклад, размяшчэнне многіх бібліятэк у будынках, якія знаходзяцца ў аварыйным стане. Стружэцкі таксама заявіў, што «аб’ёмы новых паступленняў дакументаў у фонды бібліятэк рэспублікі сёння пакуль яшчэ не адпавядаюць міжнародным стандартам па бібліятэчнай справе», згодна з якімі «фонд бібліятэкі за 10 гадоў павінен цалкам абнаўляцца».

Сур’ёзнай праблемай чыноўнік назваў зніжэнне ўзроўню чытання сярод насельніцтва.

Паводле інфармацыі Стружэцкага, у краіне працуюць прыкладна 9,3 тысячы грамадскіх і спецыяльных бібліятэк з агульным аб’ёмам фонду больш як 200 млн. асобнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?