Уплыў журналістаў на чытацкую грамаду застаецца вялікім. Выкарыстоўваючы рэсурсы мас-медыя, яны могуць зрабіць звышпапулярнай любую кнігу, якая спадабалася ім асабіста.

Так,

сьпіс бэстсэлераў брытанскага кніжнага рынку на гэтым тыдні ўзначаліла кніга «Жыцьцё і лёс» — 900-старонкавы раман пра Другую сусьветную вайну савецкага пісьменьніка Васіля Гросмана, які памёр 50 гадоў таму. Галоўны рэдактар Радыё 4 ВВС Марк Дамайзер палічыў раман «найлепшай кнігай ХХ стагодьдзя» і прысьвяціў яму 8-гадзінны спектакль на радыё. Безумоўна, на выбар рэдактара паўплывала і асоба самога Гросмана — ваеннага журналіста, узнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі, чый страшны жыцьцёвы досьвед быў пакладзены ў аснову кнігі, рукапіс якой канфіскаваў КДБ (член палітбюро Міхал Суслаў сказаў, што раман Гросмана можа быць надрукаваны ў Саюзе, але праз 200–300 гадоў).

Дзякуючы радыёпастаноўцы ў Англіі адбылося другое нараджэньне «Жыцьця і лёсу». Кнігу, зьяўленьне якой на чытацкім Алімпе не было абумоўлена тэхналогіямі маркетынгу і запытаньнямі кнігавыдаўцоў, пачалі шырока абмяркоўваць. Як высьветлілася, а) трагічная гісторыя чалавечага лёсу, распаведзеная даўно памерлым замежным пісьменьнікам, можа апынуцца — няхай на месяц-другі — у цэнтры ўвагі сучаснага грамадзтва, і факт гэты пераконвае, што сур’ёзная літаратура можа быць запатрабаваная ня толькі Нобелеўскім камітэтам па літаратуры, б) вялікая па аб’ёме кніга можа быць прачытаная многімі ў часы панаваньня мітусьлівай, хуткаплыннай рэчаіснасьці. Кажу «сур’ёзная», бо твор Гросмана засьведчыў анталагічнае падабенства астатніх ангельскіх бэстсэлераў. Туды ўвайшлі нядаўна экранізаваная мэладраматычная кніга «Адзін дзень»; сьвежы фэнтэзійны раман Тэры Пратчэта; «Шпіён, выйдзі вон!» — кніга клясыка шпіёнскага жанру Джона Ле Карэ, таксама толькі что ператвораная ў кінастужку; і стос кніг па кулінарыі і дыеце.

Зразумела, сучасныя людзі ня могуць без даведнікаў аб прыгатаваньні ежы і шпіёнскіх раманаў. Але рэгулярнае зьяўленьне ў кніжных топах такіх кніг, як «Жыцьцё і лёс», спрыяе таму, каб грамадзтва запавольвала свой бег па коле жыцьця і кніжных старонках, спыняла позірк на істотным. Гэта будзе магчымым, калі журналісты і крытыткі па прыкладзе Дамайзера будуць сьмела распавядаць аб сваім коле чытаньня, спрыяючы тым самым зьяўленьню новага стандарту масавай літаратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?