Прафесар Вітаўтас Ландсбергіс быў адным з заснавальнікаў незалежніцкага руху «Саюдзіс» і першым кіраўніком Літвы пасля здабыцця ёй незалежнасці. З 2004 ён — дэпутат Еўрапарламента.

Еўрарадыё: Як у Літве ставіцца пытанне не толькі дэмакратыі і правоў чалавека, а незалежнасці? Ці можа быць дэмакратыя ў саюзе з Расіяй?

Вітаўтас Ландсбергіс: Літва прайшла розныя этапы станаўлення сваёй нацыянальнай і дзяржаўнай свядомасці. А ў Беларусі не зусім ясна, наколькі самі беларусы ўяўляюць, што і як хочуць, як разумеюць самі сябе.

Апошнія гады Беларусь, хіба, служыць палігонам для доследаў па пабудове недэмакратыі, які пасля выкарыстоўваецца ў Расіі.
Расія, можна сказаць, пайшла ў бок беларусізацыі, у сэнсе рэжымным, а не культурным.

Еўрарадыё: Значыць, на ваш погляд, для збудавання сапраўды незалежнай дэмакратычнай Беларусі варта выйсці з саюзу з Расіяй?

Вітаўтас Ландсбергіс: Не ведаю, ці рэальна выйсці альбо ігнараваць яго, ці можна будаваць сваю дзяржаву і культуру, не пытаючы на тое дазволу. У літоўскім выпадку, калі паўставаў «Саюдзіс», мы ішлі абраным шляхам без дазволу. У Маскве злавалі, пагражалі, але ўжо не ўжывалі такой сілы, каб усіх засадзіць у вар’ятню альбо выслаць. Былі ўжо не тыя часы, ды і сілы не тыя. Тым больш, у Літве ўжо паднялася маса, а не проста група людзей, якую можна разбіць і дыскрэдытаваць.

Еўрарадыё: Многія бачаць праблему шляху Беларусі як суб’ектыўны фактар — праз прызму асобы Лукашэнкі. Але вы лічыце, што больш важны фактар аб’ектыўны?

Вітаўтас Ландсбергіс: Я думаю, ён прынамсі не менш важны, а можа і асноўны. Лукашэнка адпадзе, калі Беларусь адчуе сябе вольнай і здольнай будаваць дэмакратыю.

Калі свабодных выбараў так і не будзе, то нехта, напрыклад, прыдумае ідэю байкоту квазівыбараў…

Еўрарадыё: Колькі часу мусіць прайсці ў Беларусі да структурных зменаў?

Вітаўтас Ландсбергіс: Гэта непрадказальна,

вырашае воля беларускага народа. А калі яе няма, то ніякі чараўнік не прыйдзе, каб унушыць дэмакратычную і нацыянальную свядомасць. Пачуцці годнасці і несвабоды, падначаленасці — заўжды змагаюцца адно з адным.
Часам думаюць: хай улады за мяне вырашаюць, а мне — патрываць.

Еўрарадыё: Неўзабаве 20-годдзе з таго часу, як СССР афіцыйна спыніў сваё існаванне. Наколькі вы задаволеныя пройдзеным шляхам Літвы, што можна было зрабіць лепей?

Вітаўтас Ландсбергіс: Заўсёды можна разлічваць, што нешта можна было зрабіць лепей, але з-за гэтага не варта дарэмна пакутаваць. Так, нешта ўпусцілі, маглі нешта зрабіць дадаткова, каб апярэдзіць вяртанне зла. Зло заўсёды хоча існаваць і вяртацца. Таму яму неабходна супраціўляцца.

Ацэньваючы ў цэлым, відавочна, што ў Літвы з таго часу выйшла куды лепей, чым у нашай беднай суседняй Беларусі. Можна доўга аналізаваць прычыны, чаму так. Але лепей мець бачанне будучыні — што хочуць беларусы. Галоўнае, каб яны чагосьці хацелі. Пэўная млявасць — яна ёсць і ў нас. «Ай, усё абыякава, так ці інакш, як-небудзь пражывем…». Як казалі ў савецкія часы: пражыць да панядзелка…

Еўрарадыё: Вы ўзгадалі пра зло, якое хоча вярнуцца. У Літве з савецкіх часоў эліта змянілася толькі часткова. На ваш погляд, ці будзе Лукашэнку месца ў эліце, будучай палітыцы, калі на чале Беларусі стане дэмакратычны кіраўнік?

Вітаўтас Ландсбергіс: Гэта немагчыма.

Лукашэнка згубіў шанец сыграць пазітыўную ролю на шляху дэмакратызацыі Беларусі. Нават у некаторых постсавецкіх краінах ёсць дыктатары, якія ў той самы час нешта робяць для ўмацавання самастойнасці краіны, заахвочваюць нацыянальную культуру, развіваюць нацыянальную мову, асвету, ствараюць нацыянальныя каштоўнасці.

Пры Лукашэнку, на мой погляд, гэтага не адбылося. Ён адмоўна паўплываў на станаўленне беларускай культуры, прасоўванне адукацыі на беларускай мове.

Хіба таму, што для яго асабіста гэта было чужым, і за сабой ён пацягнуў усё грамадства.
Пакуль ён быццам адстойвае адносную незалежнасць ад пуцінскай Расіі. Наколькі доўга яму дазволяць гэта рабіць, не пачаставаўшы гарбатай ці яшчэ неяк, будзе відна.

Еўрарадыё: Вашы пажаданні беларускаму народу.

Вітаўтас Ландсбергіс:

Любіць свой край, культуру. І любіць не як з’яву незваротнага мінулага ці недасяжнай будучыні. Але ўжо зараз знаходзіць у гэтым сэнс і цярпліва і абдумана будаваць будучыню.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?