Еўрасаюз застаецца прыхільнікам падпісання дамовы аб асацыяцыі Украіны з ЕС, нягледзячы на прысуд экс-прэмер-міністру Украіны Юліі Цімашэнка,
заявіла ў сераду кіраўнік дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан.

«Наша мэта — падпісанне да канца года пагаднення аб асацыяцыі, уключаючы глыбокую і ўсебаковую зону свабоднага гандлю», — цытуе яе выступ карэспандэнт РІА «Навіны» на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Брусэлі.

Паводле словаў Эштан,

пагадненне ЕС з Украінай не варта разглядаць у якасці «падарунка Украіне ці Еўропе», бо яно з’яўляецца ўзаемавыгаднай дамовай, заснаванай на гарантыях захавання законнасці і фундаментальных свабодаў.

«Я лічу, што прапанова аб заключэнні пагаднення аб асацыяцыі павінная заставацца на стале», — сказала Эштан, нагадаўшы, што Юлія Цімашэнка сама садзейнічала тэхнічнай працы па падрыхтоўцы гэтага пагаднення, якое адкрывае для ўкраінскіх уладаў «дарожную карту па трансфармацыі» краіны.

«Але мы можам падпісаць такое пагадненне, калі будзем перакананыя ў тым, што ўкраінскае кіраўніцтва верыць у каштоўнасці, на якіх яно грунтуецца, і імкнецца ўмацоўваць іх. Мы не прымем гэтае пагадненне, калі ў нас не будзе такой перакананасці», — сказала кіраўнік дыпламатыі ЕС.

Яна таксама паведаміла, што ў чацвер абмяркуе сітуацыю ва Украіне са старшынямі Рады Еўропы і Еўракамісіі Херманам ван Ромпеем і Жазэ Мануэлам Барозу.

«Вядома, мы перагледзім кантакты з Украінай, уключаючы палітычны дыялог», — сказала Эштан.

Кіраўнік дыпламатыі ЕС зноў паўтарыла, што яе «няма сумневаў у тым, што судовы пераслед Юліі Цімашэнка з’яўляецца палітычна матываваным»,
заўважыўшы пры гэтым, што справа ў дачыненні да экс-прэмер-міністра Украіны не адзіная: «некалькі чальцоў урада зазналі судовы пераслед і асуджаныя падобным чынам».

Эштан паведаміла, што чальцы ЕС салідарныя ў тым, мясцовыя ўлады павінныя без прамаруджання разгледзець апеляцыі на судовы прысуд у дачыненні да Цімашэнка і не абмяжоўваць яе права ўдзелу ў парламенцкіх выбарах у наступным годзе.

Пасля абвяшчэння прысуду Цімашэнка Эштан казала, што прысуд Цімашэнка можа мець сур’ёзныя наступствы для адносінаў Украіны з ЕС.

«Еўрапейскі саюз разгледзіць магчымыя меры ў дачыненні да Украіны», — паведаміла яна ў аўторак неўзабаве пасля абвяшчэння прысуду.

Прэзідэнт Віктар Януковіч таксама ў аўторак пракаментаваў тое, што адбылося.

Януковіч прызнае, што прысуд можа перашкодзіць інтэграцыі Украіны ў Еўропу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?